Уладзімір Някляеў выйшаў на свабоду



З цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску вызвалены паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Ён распавёў, што 8 мая перажыў гіпертанічны крыз, нават страчваў прытомнасць. Але належнай медыцынскай дапамогі так і не атрымаў. Таксама да яго не дапусцілі адваката.

Аднак самым цяжкім выпрабаваннем стала забарона займацца літаратурнай працай:

– Вольга, жонка мая, разумеючы, як для мяне гэта важна, перш, чым прывезці ежу, прывезла мне паперу і асадку, каб я пісаў. Я так і думаў, што пяць дзён папішу, хай сабе і ў камеры. Мне прыносяць паперу, сшынак. Я пытаюся: “А чым мне пісаць?” – “А вы самі прыдумайце”. Такога кшталту жарт. Гэта па маіх нервах ударыла моцна. Бо гэта відавочны здзек: ты думаеш, што ты пісьменнік, а ты проста зэк.

Адразу пасля сканчэння арышту Уладзіміра Някляева яму ўручана новая позва ў суд на 17 траўня за ўдзел у мітынгу і дэманстрацыі 1 траўня. Па словах Уладзіміра Някляева, супрацоўнікі міліцыі „паабяцалі” гэтым разам 15 сутак арышту. 

Генадзь Барбарчы, Беларускае Радыё Рацыя, Менск