Уладзімір Някляеў выпісаўся са шпіталя



Уладзіміра Някляева выпісалі са Шпіталя хуткай медыцынскай дапамогі ў Берасці, і зараз ён накіроўваецца дадому. Паэта й палітыка затрымалі 25 сакавіка ўначы сіламі АМАП і КДБ і змясцілі ў Ізалятар часовага ўтрамыння Ленінскага РАУС Берасця.

Ужо ўвечары таго ж дня ён быў шпіталізаваны з дыягназам “гіпертанічны крыз”:

– Буду жыць! Калі ў адным месцы трохі прабівае, то гэтая дзірка зашываецца, але ўжо не тымі жывымі ніткамі, якія былі раней. Ёсць слабое месца. Я трохі не вытрываў, псіхануў. І нават не тады, калі яны здзек чынілі, распраналі, упрысядку голага скакаць змушалі. А тады, калі яны сталі прыдумляць гэтую шпіёнскую справу.

Першыя два дні ў шпіталі Уладзіміра Някляева ахоўвалі асобы ў цывільным. Сваё затрыманне ён лічыць выкраданнем і напісаў адпаведную скаргу на дзеянне міліцыянтаў у пракуратуру.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце