Уладзімір Някляеў: Яны ўсё развалілі…



Паэт і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў выказаў сваё стаўленне да таго, як у Беларусі праходзяць выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкія выбары.

Уладзімір Някляеў: Апошні месяц я займаўся творчымі справамі, быў у Еўропе і Амерыцы, але з большага сачу за тым, што адбываецца на палітычным полі Беларусі.

Шчыра кажучы, нічога асаблівага ад праймерыз я не чакаў. Сітуацыя і так была складаная, а зараз яна яшчэ больш ускладнілася. І акрамя каронавіруса ў краіне іншых інфекцый хапае. Гэта і дыктатура, і безгаспадарчасць, і мана. Было б добра, каб вірус уздзейнічаў на гэтыя складнікі, але, баюся, вірусу яны не паддаюцца. Яны паддаюцца толькі чалавечай волі.

РР: А як ацэньваеце той факт, што кампанія па абранні адзінага кандыдата пачынае з-за спрэчак і сварак развальвацца?

Уладзімір Някляеў: Тут нічога новага – усё як заўсёды. Мне здавалася відавочным вылучэннем на ролю лідара Паўла Севярынца, бо ён раней сябе паказаў і гэтага заслужыў. Але ёсць хлопцы, якія думаюць інакш. А за гэтымі хлопцамі, не выключана, ёсць яшчэ хлопцы, якія кажуць, як думаць і што рабіць.

Але гэты ланцужок не сёння з’явіўся, ён, на жаль, ужо дзейнічае не адзін дзясятак гадоў.

РР: Што зараз будзе з праймерыз?

Уладзімір Някляеў: Нават і не ведаю, яны ўжо ўсё развалілі. Сама па сабе ідэя была някепская, бо такім чынам можна было прыцягваць увагу людзей і ствараць хаця б нейкую жывую карцінку палітычнага жыцця. Але нічога з гэтага не выйшла.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя