Уладзімір Някляеў яшчэ раз заклікаў апазіцыю да адзінства



“Сёння трэба ўсім сабрацца і сказаць: “Да пабачэння, выбарчая кампанія, мы падтрымліваем Міколу Статкевіча, як адзінага кандыдата. Больш ніякіх альтэрнатыў не бачу”, – кажа кандыдат у прэзідэнты 2010 году Уладзімір Някляеў.

Падчас круглага стала на тэму “Байкот vs удзел у кампаніі”, які арганізавала Аб’яднаная грамадзянская партыя, прагучала і тэма адзінства ў апазіцыі.

“Трэба было б удзельнічаць у выбарчай кампаніі, калі б быў адзіны кандыдат і адзіная праграма, – заявіў Уладзімір Някляеў. – Тады б акумуліравалі тыя 40 адсоткаў грамадзян, якія яшчэ не за «русский мир» і таварыша Пуціна. Але, калі мы не пайшлі на выбары адзінай калонай, а распыленыя, то вядомы і фінал гэтых выбараў. Мы кансервуем палітычную і эканамічную сітуацыю сёняшняга дня, а яны такія, што не развіваюцца”.

Па словах Някляева, сэнсу ўдзельнічаць у кампаніі наогул няма.

“Скажуць нешта кандыдаты на тэлебачанні, пастаяць на прахадных, і што з таго? – дадае палітык. – Гэта ўсё ўжо было. Людзі гэта праходзілі. Але ў паліттэхналогіях ёсць элемент нечаканасці. Дык вось у нас яшчэ не было такой магчымасці, якую нам па сутнасці дае знаходжанне за кратамі чалавека, які ўдзельнічаў у якасці кандыдата ў прэзідэнты ў выбарах 2010 года. Як зможа нармальны чалавек, скажам, з АБСЕ прызнаць гэтыя выбары прагрэсіўнымі, калі не зменены Выбарчы кодэкс, калі Мікалай Статкевіч яшчэ з тых выбараў у няволі? Калі б мы зрабілі адзіную акцыю няўдзелу ў выбарах праз вылучэнне Міколы Статкевіча – гэта быў бы не толькі маральны момант, але і моцны ход. А зараз Статкевіч выглядае, як адзін з эказатычных прэтэндэнтаў”.

Тым не менш, Някляеў – аптыміст і спадзяецца, што нават у сёняшніх умовах апазіцыя магла б паміж сабой дамовіцца:

“На мой погляд, выправіць сітуацыю яшчэ можна. Сёння трэба ўсім сабрацца і сказаць: “Да пабачэння, выбарчая кампанія, мы падтрымліваем Статкевіча, як адзінага кандыдата. Больш ніякіх альтэрнатыў не бачу”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя