Уладзімір Някляеў змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна
Апазіцыйны палітык і паэт Уладзімір Някляеў, адзін з сустаршыняў незарэгістраванага Беларускага нацыянальнага кангрэса, змешчаны ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка.
„Я перадала яму перадачу. Ён там, а колькі дзён яму прыйдзецца адседзець і за што, я не ведаю. Заўтра пастараемся, каб туды трапіў адвакат„, — сказала Вольга Някляева.
Паводле яе слоў, Някляеў павінен штодня прымаць таблеткі. „Спадзяюся, іх яму перададуць, ён павінен іх прымаць кожны дзень без перапынку. Гэта вельмі важна, спадзяюся, яны гэта зразумеюць„, — дадала жонка палітыка.
Някляеў быў затрыманы 21 сакавіка. Адразу пасля затрымання яго даставілі ў Ленінскае РУУС. Праваабаронцы мяркуюць, што падставай для затрымання стаў 10-сутачны адміністрацыйны арышт, які Някляеў атрымаў яшчэ ў лістападзе 2017 года, але да гэтага часу не адбыў. Да арышту палітык быў прыгавораны за заклікі да ўдзелу ў „Маршы абураных беларусаў 2.0” у кастрычніку мінулага года.
Акрамя Някляева, сёння ў Менску таксама былі затрыманыя сустаршыня руху салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык і апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі. Усе яны з’яўляюцца прыхільнікамі правядзення 25 сакавіка забароненага Мінгарвыканкамам шэсця, якое ініцыяваў яшчэ адзін сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэса Мікалай Статкевіч. БелаПАН