Уладзімір Падгол: Рэпрэсіі – гэта праява страху



Палітолаг Уладзімір Падгол выказаўся пра адметнасці сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.

Уладзімір Падгол: Мне падаецца, гэта самая цікавая прэзідэнцкая кампанія пасля 1994 года. Асабіста я бачу, што зараз уладу апанаваў страх. Калі я слухаў некаторыя выступленні  кіраўніка Беларусі, то было чуваць, што голас яго вібруе і чуваць унутраныя слёзы. Напрыклад, калі ён казаў пра чэргі, якія выбудаваліся, каб падпісацца за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. І гэтыя вялізныя чэргі былі «не за яго».

Таксама адметнасць гэтай кампаніі – гэта тое, што рэпрэсіі пачаліся не пасля асноўнага дня галасавання, а амаль за два месяцы да гэтага – яшчэ нават да рэгістрацыі кандыдатаў. Рэпрэсіі пайшлі і супраць апанентаў, і супраць найбольш актыўных людзей.

РР: На ваш погляд, чаму так адбываецца?

Уладзімір Падгол: Не так даўно падчас сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва ў Берасці акумулятарнага завода Лукашэнка задаў прысутным пытанне: «Няўжо вы самі верыце, што рэйтынг у мяне ўсяго 3 адсоткі?»

Але, калі ты насамрэч ведаеш, што ў цябе неверагодна высокі рэйтынг, то пра гэта тады і ўзгадваць не патрэбна. Як не патрэбна кідаць за краты апанентаў і не патрэбна фармаваць выбарчыя камісіі выключна з правераных людзей, якія затым прызнаюць подпісы таго ж Бабарыкі ці Цапкалы несапраўднымі.

Чаго баіцца ўлада, калі яна насамрэч моцная? Таму для мяне абсалютна відавочна, што рэпрэсіі – гэта праява страху. Нават факт таго, што людзі сабраліся ў чэргі, каб паставіць подпіс супраць Лукашэнкі, улада кваліфікуе, як замах на дзяржаўны пераварот.

Можна адзначыць і неверагодную ступень хлуслівасці дзяржаўнай прапаганды падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі. Зрэшты, хлусня пачалася яшчэ раней – падчас распаўсюду каронавірусу. Народу казалі, што праблемы няма, праводзілі масавыя мерапрыемствы. І нават апалітычныя людзі пачалі абурацца. У маім доме бабулькі, якія ўсё жыццё галасавалі за дзеючага кіраўніка Беларусі, зараз у мяне пытаюцца: «За каго галасаваць?»

Таму можна патлумачыць, чаму ўлады пайшлі на такія рэпрэсіі яшчэ да выбараў. Іншага выйсця ў іх проста няма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя