Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зноў сустракаюцца ў Сочы
22 лютага ў Сочы сустракаюцца Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Прагучала шмат меркаванняў наконт гэтай сустрэчы, але дакладна можна сказаць адно: Лукашэнка на перамовах будзе мець слабую пазіцыю, бо ў яго сур’ёзныя праблемы і з легітымнасцю, і з грашыма. Каментуе Яна Запольская.
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка зноў сустракаюцца ў Сочы. Што стане галоўнай тэмай гэтай сустрэчы, пра што будуць казаць кіраўнікі дзяржаў, з якой мэтай сустракаюцца? Варыянтаў адказаў на гэтыя пытанні даволі шмат. Афіцыйная інфармацыя даволі сціплая. Раней прэс-сакратар Пуціна – Дзімітрый Пяскоў зазначыў, што перамовы могуць быць даволі працяглымі. Гаварылася і пра тое, што важнае месца будзе аддадзена міжнароднай тэматыцы (верагодна заходнія санкцыі і што з імі рабіць). Выданне “Камерсант” выказвала меркаванне, што Беларусь будзе прасіць грошы, гаворка ідзе пра тры мільярды даляраў нявыкарыстанага крэдыту на будаўніцтва БелАЭС. Хоць сам Лукашэнка ў адказ заявіў, што нічога прасіць не збіраецца. Толькі вось яго словам веры няма. Прыгадаю, што даволі “туманнай” была і вераснёўская сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў Сочы, пасля якой гаварылася пра тое, што Пуцін настойвае на канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі і праграме транзіту ўлады. Хоць афіцыйна гэта аніяк не пацвярджалася, а міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у нядаўнім інтэрв’ю РБК сказаў, што ніякіх такіх прапаноў ці патрабаванняў з боку Расейскай Федэрацыі не паступала. Карацей, што тая сустрэча, што гэтая, застаюцца для грамадства закрытымі. Праўда, пасля сустрэчы ў верасні было абвешчана, што Расея дае Беларусі крэдыт у памеры 1,5 мільярда даляраў. Цяпер жа хутчэй за ўсё мы зноў пабачым па беларускім і расейскім тэлебачанні вымушаныя ўсмешкі, традыцыйныя поціскі рук і запэўніванні ў далейшым узаемадзеянні па ўсіх франтах. Тым не менш мы можам рабіць пэўныя прагнозы. Па-першае, пра грошы размова можа ісці, бо эканоміка Беларусі “трашчыць па ўсіх швах”. Па-другое, пытанне змены Канстытуцыі і транзіту ўлады можа абмяркоўвацца, бо Крамлю не патрэбныя вялікія ўзрушэнні ў Беларусі, а тым больш, каб змена ўлады адбылася праз масавыя пратэсты. Вынік гэтага можа быць непрадказальны і зусім не карысны для Крамля. Затое прадуманы транзіт улады ў Беларусі, які дазволіць паставіць на пасаду прэзідэнта давераную асобу, найбольш выгадны для Пуціна. Што тычыцца пытанняў далейшага паглыблення інтэграцыі дзвюх дзяржаў, то хутчэй пра гэта размовы цяпер ісці не будзе, так мяркуюць шматлікія эксперты. Сумнеўна заключаць нейкія чарговыя пагадненні і падпісваць высокага ўзроўню дакументы з тым, чыя легітымнасць не прызнаецца ў Еўропе і свеце. Навошта Пуціну чужыя праблемы, у яго цяпер і сваіх багата. Карацей, калі не пра грошы, ці не пра канстытуцыйную рэформу і транзіт улады, то гаварыць асабліва няма пра што, толькі як пра расейскую вакцыну ад каронавіруса, але для гэтага ці варта было б ляцець у Сочы. Няўжо толькі дзеля таго, каб разам на лыжах пакатацца?
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя