Уладзімір Пуцін наведае Менск з афіцыйным візітам



У Менску пройдзе сустрэча кіраўнікоў Расеі і Беларусі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі

Пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета (ВДС) Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пройдзе 19 чэрвеня ў Палацы Незалежнасці ў Менску ў другой палове дня, паведамляе belapan.by.

Па графіку самалёт з прэзідэнтам Расеі павінен прыбыць у Нацыянальны аэрапорт Менск у 14.00. Чакаецца, што разам з Уладзімірам Пуціным прыляцяць прэм`ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў, а таксама старшыні Дзярждумы Вячаслаў Валодзін і Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка і іншыя службовыя асобы расейскага ўрада.

На 15.00 запланаваная гутарка Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце. У 16.00 згодна з графікам павінна пачацца пасяджэнне ВДС у пашыраным складзе. Чакаецца, што ў 17.05 Лукашэнка і Пуцін зробяць сумесную заяву для СМІ.

На мінулым тыдні прэс-служба прэзідэнта Беларусі паведамляла, што падчас сустрэчы ў вузкім складзе кіраўнікі дзяржаў „абмяркуюць стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, рэалізацыю сумесных праектаў, узаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах і на міжнародных пляцоўках”.

На парадку дня пасяджэння ВДС каля 10 пытанняў: вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва за 2017 год, справаздача аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2016 год, праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018—2019 гады і інш. „Гаворка пойдзе таксама аб выкананні прыярытэтных кірункаў і першачарговых задач далейшага развіцця інтэграцыйнага аб`яднання”, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

Раней Лукашэнка заяўляў, што на чарговым пасяджэнні ВДС беларускі бок мае намер разгледзець у тым ліку праблемы з пастаўкамі прадуктаў харчавання з Беларусі ў Расею. „І ў сферы ваенна-палітычнага супрацоўніцтва, і ў сферы эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі. Думаю, што фармат Саюзнай дзяржавы для гэтага падыходзіць”, — казаў Лукашэнка на сустрэчы з Рапотам 12 сакавіка, абмяркоўваючы падрыхтоўку да пасяджэння ВДС.

Апошні раз Вышэйшы дзяржсавет збіраўся 30 чэрвеня 2017 года ў Маскве.

 

Фота БелТА