Лукашэнка: Беларусі і Расеі важна аб’яднаць намаганні



Ва ўмовах сусветнага крызісу Беларусі і Расеі важна аб’яднаць намаганні ў вырашэнні розных праблем. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня, выступаючы на трэцім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Менску.

„Бясспрэчна, стварэнне Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі дало магчымасць у значнай ступені актывізаваць тавараабарот, ажыццявіць цэлы шэраг буйнамаштабных сумесных праграм і праектаў. Прынесла ўзаемныя выгады і стала платформай для развіцця адносін па многіх іншых кірунках,” — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь і Расея, рэагуючы на сусветныя выклікі, часта абараняюць толькі свае нацыянальныя інтарэсы, паведамляе БелаПАН.

„Нам баяцца адзін аднаго няма чаго, — заявіў Лукашэнка. — Мы ўзаемадапаўняем адзін аднаго па многіх пазіцыях. Трэба гэтым скарыстацца. Але нягледзячы на шматгадовыя інтэграцыйныя працэсы, у нас да гэтага часу на практыцы не забяспечаны ў поўным аб’ёме роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб’ектаў гаспадарання. А гэта дазволіла б павялічыць вытворчасць прамысловай прадукцыі, стварыць сотні тысяч працоўных месцаў і перайсці да новых ўзаемавыгадных праектаў”.

* * *

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным ў Менску заявіў аб неабходнасці зняцця абмежаванняў ва ўзаемным гандлі Беларусі з Расеяй.

„Падвышэнню стабільнасці нашых эканомік, росту дабрабыту беларусаў і расіян спрыяла б зняцце яшчэ існуючых некаторых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Як падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы, эканамічны крызіс павінен з’яднаць удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў, прымусіць іх развіваць кааперацыю, унутраныя вытворчыя ланцужкі, не канкурыраваць, а ўзаемадзейнічаць на знешніх рынках.”

Двухбаковая сустрэча ў фармаце „сам-насам” праходзіла ў Палацы Незалежнасці. Пасля асабістай сустрэчы адбыліся перамовы ў пашыраным фармаце з удзелам членаў урадаў і іншых афіцыйных асоб з кожнага боку.

Як заявіў перад сустрэчай кіраўнікоў дзяржаў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў, пытанне аб цане паставак расейскага газу для Беларусі на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе закранацца.

Разам з тым пытанне аб размяшчэнні расейскай авіябазы ў Беларусі на парадку дня сённяшняй сустрэчы прэзідэнтаў дзвюх краін не стаіць.

000019_723979_big

Зараз Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прымаюць удзел у пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, якое праходзіць у Палацы Рэспублікі ў Менску.

* * *

Як заяўлялася раней, галоўнае пытанне, якое абмяркоўваюць Аляксандар Лукашэнка і Уладзімір Пуцін, – гэта „паглыбленне інтэграцыі”.

000019_599234_big

Хоць беларускі кіраўнік заяўляе, што ён імкнецца супрацоўнічаць як з усходнімі, так і заходнімі суседзямі, Расея па-ранейшаму застаецца галоўным партнёрам для Лукашэнкі. Гаворыць палітолаг Андрэй Казакевіч:

– Беларусь заўсёды пацвярджае, што мы застаемся саюзнікамі. Мы застаемся ў ЕАЭС, у АДКБ, мы вымушаны развіваць гэтыя стасункі, таму што ў нас туды ідзе траціна экспарту – значная частка таваразвароту.

На думку палітолага, Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць асноўныя праблемы ўзаемаадносін, у прыватнасці, эканамічныя стасункі. Магчыма, размова пойдзе пра фінансавую дапамогу з боку Крамля. Пры гэтым Казакевіч адзначае, што паміж кіраўнікамі Расеі і Беларусі могуць узнікнуць разыходжанні па гэтых пытаннях:

– Ёсць праблемы ва ўзаемным гандлі, у тым, што часам узнікаюць перашкоды для беларускіх тавараў. Часам беларускі бок падазраецца ў рээкспарце. Ёсць праблема ў тым, што з’яўляюцца канкурэнты Расеі у пэўным беларускім прадпрыемстве, што, канешне, не падабаецца Беларусі. Ёсць праблемы ў Беларусі ў тым, каб атрымаць нейкую дапамогу, каб закрыць цякучыя эканамічныя праблемы, у той час як Расея, у прынцыпе, не гатова даваць гэта проста так, яна хоча нейкіх палітычных гарантыяў.

Пасля двухбаковай сустрэчы Лукашэнка і Пуцін возьмуць удзел у пленарным паседжанні III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, якое адбудзецца ў Палацы Рэспублікі ў Менску.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя * * *

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыбыў у нацыянальны аэрапорт Менск. Ён возьме ўдзел у пленарным пасяджэнні III Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі.

000019_640247_big

Тэма форуму — „Рэалізацыя ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве: дасягненні, праблемы, шляхі вырашэння і перспектывы”.

Як паведаміла прэс-служба Крамля, перад пачаткам пленарнага пасяджэння форуму адбудзецца сустрэча Уладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнікі дзяржаў маюць намер „абмеркаваць ход рэалізацыі рашэнняў, прынятых на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, які адбыўся ў Менску 25 лютага 2016 года, і іншыя актуальныя пытанні расейска-беларускіх адносін. Плануецца таксама абмен думкамі пра вынікі пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, які прайшоў у Астане 31 траўня 2016 года, і перспектывах далейшага пашырэння інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза”.

Падчас форуму чакаецца падпісанне шэрагу двухбаковых пагадненняў.

belapan.by