Уладзімір Сазанчук: Я разумею, чаму суд зрабілі закрытым



Былы адвакат палітыка Мікалая Статкевіча распавёў пра будучы судовы працэс, які павінен пачацца 24 чэрвеня.

Нагадаем, што ў лютым гэтага года дысцыплінарная камісія Менскай гарадской калегіі адвакатаў скасавала ліцэнзію адваката Уладзіміра Сазанчука, які абараняў Мікалая Статкевіча і блогера Дзмітрыя Казлова (“Шэры кот”).

Зараз стала вядома, што суд над Сяргеем Ціханоўскім, Ігарам Лосікам і Мікалаем Статкевічам пачнецца 24 чэрвеня ў гомельскім СІЗА.

Разам са Статкевічам, Ціханоўскім і Лосікам па справе праходзяць таксама Уладзімір Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў.

Уладзімір Сазанчук: Натуральна, што на апраўдальны прысуд нікому з фігурантаў гэтай справы спадзявацца не даводзіцца. Ужо шмат прайшло судовых працэсаў, і мы бачым, якое стаўленне да “палітычных”. Для рэжыма гэта ж вельмі небяспечныя людзі! І салідарнасць з імі недапушчальная.

РР: Чаму суд зробяць закрытым, і ён пройдзе ў ізалятары?

Уладзімір Сазанчук: Перасцерагаюцца. Па-першае, відаць, не хочуць, каб падсудныя бачылі народную падтрымку, бо, калі б працэс зрабілі адкрытым, то на яго прыйшлі б многія. А ў СІЗА наогул ніхто не патрапіць, бо туды патрэбен адмысловы дазвол.

Па-другое, калі б працэс адкрыта асвятлялі, то, многія б убачылі, што на самай справе ніякай справы няма. І складу злачынства няма ў дзеяннях таго ж Статкевіча, бо я абараняў яго і ведаю сутнасць справы. Таму я разумею, чаму суд зрабілі закрытым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя