Уладзімір Сякерка – пра фармат удзелу партыі „Справядлівы свет” у выбарах



Два дэмакратычныя палітыкі – Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька – сышлі з прэзідэнцкай гонкі. Прадстаўнікі ініцыятыўных групаў гэтых прэтэндэнтаў шчыра прызналіся, што не змаглі набраць неабходнай колькасці галасоў для рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты. Ці можна лічыць недабор подпісаў правалам? У якім фармаце будзе далей удзельнічаць у выбарах апазіцыя? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае кіраўнік Гомельскай абласной філіі партыі „Справядлівы свет” Уладзімір Сякерка ў размове з Міколам Бянько:

– Вы цалкам сыходзіце з дыстанцыі і пачынаеце байкатаваць? Ці будзеце ўдзельнічаць у нейкай іншай форме?

Уладзімір Сякерка: У складзе гомельскай ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне Сяргея Калякіна ў якасці кандыдата ў прэзідэнты было 336 чалавек, 80% з іх працавала. Мы змаглі сабраць каля 12.5 тыс подпісаў, хоць планавалі па Гомельскай вобласці сабраць 18-20 тыс. За Сяргея Калякіна ўсяго па рэспубліцы было сабрана каля 64 тыс подпісаў, але гэта не дазволіла яму працягнуць барацьбу ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

РР: Ці можна назваць гэта правалам кампаніі па зборы подпісаў?

Уладзімір Сякерка: Па-першае, людзям абыякавыя гэтыя выбары. У іх страчанае пачуццё справядлівага правядзення гэтых выбараў. І чым далей, тым больш такіх людзей становіцца. Па-другое, людзі запалоханыя і не даюць свае подпісы толькі з-за таго, што яны баяцца за сваё будучае і будучае сваіх блізкіх.

РР: Які будзе фармат удзелу вашай партыі “Справядлівы свет” і магчыма персанальна Сяргея Калякіна ў далейшых выбарах?

Уладзімір Сякерка: Байкот па заканадаўству забаронены. Тым больш, мы і не прыхільнікі байкоту. Мы і далей будзем удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Зараз ідзе фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Ад Гомельскай вобласці мы падалі 91 свайго прадстаўніка, але вялікай надзеі, што іх уключаць у склад участковых выбарчых камісій, няма. Наступны этап – гэта падрыхтоўка да назірання за выбарамі.

РР: Ці атрымалася дасягнуць некаторых мэтаў, заяўленых партыяй “Справядлівы свет” падчас гэтай выбарчай кампаніі?

Уладзімір Сякерка: Мы ведалі, на што ішлі. Нашая галоўная мэта – прапаганда ідэй партыі, прапаганда нашага лідара сярод выбарцаў. У нас працавалі перасоўныя пункты па зборы подпісаў, мы аб’ехалі фактычна ўсе раёны вобласці. Мы дасягнулі таго, што планавалі.

РР: Цяпер з апазіцыйных кандыдатаў фармальна адна Таццяна Караткевіч будзе ўдзельнічаць у выбарах, калі яе зарэгіструюць. Аднак раздаюцца такія крытычныя каментары, што Кампанія “Гавары Праўду!” і яе саюзнікі па гэтых выбарах не маглі набраць 100 тыс подпісаў…

Уладзімір Сякерка: На мой погляд, неабходную колькасць подпісаў сабраў толькі адзін чалавек. І то з парушэннем заканадаўства. І гэта – Аляксандар Лукашэнка. Ва ўсіх рэгіёнах вобласці я нідзе не заўважыў ні казакоў, ні вялікіх эканамістаў, якія за Цярэшчанку збіралі. За Караткевіч – былі, але гэта не гаворыць пра тое, што яны сапраўды сабралі подпісы.

Кіраўнікі выбарчага штабу Анатоля Лябедзькі заявілі пра тое, што ім удалося сабраць 52 тысячы 128 подпісаў. За лідара партыі „Справядлівы свет” Сяргея Калякіна падпісаліся каля 64 тысячаў беларусаў. Такім чынам, з дэмакратычных прэтэндэнтаў у выбарах працягвае удзельнічаць Таццяна Караткевіч. Прадстаўнікі яе штабу заяўляюць пра лічбу ў 107 тысячаў подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота novychas.info