Уладзімір Вялічкін: Праца ўчастковых камісій засакрэчана
Атрымаць інфармацыю пра графік паседжанняў участковых камісій і асобаў, якія будуць прымаць удзел у іх працы, пакуль немагчыма. Пра гэта паведаміў берасцейскі незалежны назіральнік Уладзімір Вялічкін. Згодна 13-му артыкулу выбарчага кодэксу выбары ў Рэспубліцы Беларусь павінны адбывацца адкрыта і галосна. Гэта значыць, што выбаршчык, які пражывае на пэўнай тэрыторыі акругі, як і незалежны назіральнік, павінен мець магчымасць прысутнічаць на паседжанні камісій і атрымоўваць інфармацыю аб яе дзейнасці. Аднак на практыцы не заўсёды рэалізуюцца нормы закону, – кажа Уладзімір Вялічкін.
– Што тычыцца першага паседжання – перадусім трэба ведаць, калі яно адбываецца, і трэба ведаць прозвішчы людзей, якія мусяць у гэтым удзельнічаць. Гэтыя звесткі мне не паведамілі. І таму ніхто, хіба толькі нехта выпадкова даведаецца ад сваякоў ці знаёмых, што нешта адбываецца, тады можа і патрапіць, але гэта з катэгорыі неверагоднага. Таму, канешне, ні адзін назіральнік на першае паседжанне камісіі патрапіць проста не мог.
Уладзімір Вялічкін адзначыў, што ён звяртаўся з запытам у тэрытарыяльную камісію Маскоўскага раёну з просьбай прадаставіць звесткі аб спісе сябраў участковых камісій, на што атрымаў адмову.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.