Уладзімір Зяленскі прапанаваў унесці змены ў Менскія пагадненні па Данбасе
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў унесці змены ў Менскія пагадненні па Данбасе.
Ён таксама лічыць, што да перамоваў па сітуацыі на ўсходзе краіны неабходна прыцягнуць ЗША. Дакумент, які прадугледжвае мірнае ўрэгуляванне на Данбасе, а таксама фармат перамоваў Зяленскі лічыць састарэлымі, – пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю газеце Financial Times.
Украінскі лідар адзначыў, што сам Менскі працэс быў запушчаны яшчэ яго папярэднікам Пятром Парашэнкам і служыць, як ён выказаўся, «мэтам мінулага, а не сучаснасці». Гаворка, перакананы Зяленскі, павінна ісці альбо пра карэкцыю фармату перамоваў, альбо пра новы працэс. У тым ліку, паводле яго слоў, з удзелам ЗША, Вялікабрытаніі і Канады. Адначасова ўкраінскі прэзідэнт выказаў жаданне правесці двухбаковую сустрэчу з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным, падкрэсліўшы, што месца перамоваў для яго не гуляе ролі. Пры гэтым прапанова абмеркаваць сітуацыю на ўсходзе краіны з лідарамі самаабвешчаных рэспублік Данбаса Зяленскі адхіліў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: REUTERS/Ints Kalnins