Уладзімір Зяленскі: Расею трэба пакараць за экацыд



Чатырыста семдзесят першы дзень вайны ва Украіне.

„Неабходна кансалідаваць свет, каб Расія несла адказнасць за экацыд, а Украіна не засталася сам-насам з трагедыяй», — заявіў  Уладзімір Зяленскі. У сваім выступе перад эколагамі ўсяго свету ўкраінскі прэзідэнт згадаў пра падрыў расейцамі дамбы на Дняпры, што выклікала паводку і гуманітарную катастрофу.

Тымчасам Паўднёвае аператыўнае камандаванне ўкраінскай арміі паведаміла, што ў выніку падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС у Дняпры знайшлася вялікая колькасць мін.

„Водныя масы размылі мінныя загароды, якія расейцы пабудавалі на левым беразе. Цяпер па плыні ракі сцякае вялікая колькасць мін”, — паведамляе Паўднёвае камандаванне ў Facebook.

Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, у выніку разліву вады пасля падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС па рацэ сцякаюць смецце, аскепкі розных прадметаў, лодкі і нават абломкі будаўнічых канструкцый.

Таксама паведамлялася, што рызыка нанясення ракетных удараў застаецца высокай. На баявым дзяжурстве (у Чорным моры) знаходзіцца расейская падводная лодка з чатырма ракетамі „Калібр”.