Уладзіслаў Бохан: Дзякуючы свайму маўчанню мы прыйшлі да таталітарнае сістэмы



Госцем Рацыі стаў мастак-акцыяніст Уладзіслаў Бохан. Падчас пратэстаў у Беларусі творца ладзіў палітычныя акцыі, прыцягваючы ўвагу грамадства да рэпрэсій, што адбываліся ў краіне. Уладзіслаў паразважаў аб таталітарных і аўтарытарных сістэмах, выказаў свае думкі наконт сучаснага мастацтва і анансаваў бліжэйшыя выставы:

РР: Што гледачы ўбачаць на пачатку жніўня ў Варшаве падчас вашае выставы?

— Мастацка-адукацыйны праект, дзе мы з камандаю робім творчае асэнсаванне аўтакратыі, але не як з’явы з гледзішча ўлады, а праз прызму таго, што народ сам ёсць крыніцаю аўтакратыі, то бок сам стварае дыктатуру. Мы разглядаем расейскую, беларускую аўтарытарныя сістэмы, бо іх феномен у тым, што гэтыя сістэмы былі створаныя дэмакратычным шляхам. Напрыклад, у Беларусі Лукашэнка быў абраны на сумленных выбарах. Там будуць мае працы, Лены Бярэзінай, — мастачка, што жыве цяпер у Уроцлаве; Надзеі Наўроцкай, — беларуска з Італіі. Мы ўтраіх маем статус палітычных уцекачоў. Таксама там будуць працы Сяргея Раманава, ягоныя малюнкі, што ён дасылаў з турмы. Гэта адзін з анархістаў-партызанаў, што быў асуджаны на 21 год зняволення.

РР: Ці гэта першая выстава такога кшталту?

— Гэты праект быў ужо прэзентаваны мінулаю восенню ў Дармштаце і Вісбадэне. Там ён быў арыентаваны ў першую чаргу на мясцовую аўдыторыю, у чым было актуальна, здаецца, сёння, неймаверна, што дыктатура можа вярнуцца, але мы памятаем, што тая ж Нямеччына мае ў сваёй гісторыі даволі цёмныя старонкі. Гэта як прафілактыка, мы хацелі паказаць як незаўважна, паступова, пад умоўнай дэмакратыяй, што была пасля распаду савецкага саюзу, мы прыйшлі, дзякуючы свайму маўчанню, іншым з’явам, прыйшлі да таталітарнае сістэмы. Можна сказаць, што мясцовай аўдыторыі гэта зайшло, ім было цікава. У Дармштаце прафесары мясцовага ўніверсітэту прыводзілі цэлыя групы на выставу, у Вісбадэне да нас завітаў мэр места. Мы змеркавалі, што трэба гэты праект працягваць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Беларускае Радыё Рацыя