Упершыню ў Беларусі рок-музыкант прэтэндуе на пасаду прэзідэнта
Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 20 верасня зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі лідара музычнай групы Znich Аляксандра Таболіча.
Перад прыняццем рашэння сакратар ЦВК Алена Дмухайла паведаміла, што ў ініцыятыўнай групе па вылучэнні Таболіча кандыдатам у прэзідэнты выяўленыя чатыры чалавекі, чые неабходныя дадзеныя пазначаныя не поўнасцю або не пазначаныя зусім. Яны выключаныя са спіса, у ініцыятыўнай групе засталося 116 чалавек.
Сам Таболіч, паводле слоў Дмухайлы, адпавядае патрабаванням, што выстаўляюцца да кандыдата ў прэзідэнты, — ён 1979 года нараджэння, грамадзянін Беларусі па нараджэнні, працуе майстрам перманентнага макіяжу і татуіроўкі ў тату-салоне „У Лісіцы” ТАА „Скінарт”, беспартыйны.
Ініцыятыўнай групе Таболіча прысвоены № 13. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на гэта адрэагавала: „Не пашанцавала вам”. „А можа быць, наадварот, пашанцавала. Я, напрыклад, люблю лічбу 13. У мяне яна заўсёды шчаслівая. У мяне нават пасведчанне першае на гэтай пасадзе было пад № 13”, — сказала кіраўнік Цэнтрвыбаркама.
Звяртаючыся да ЦВК, Таболіч сказаў па-беларуску: „Вельмі прыемна, што сярод усёй гэтай кааліцыі бізнесменаў, айцішнікаў і іншых вы звяртаеце ўвагу яшчэ і на такі кірунак, як творчая інтэлігенцыя, якой цяпер вельмі мала”.
belapan.by
Фота intex-press.by