Урад Чэхіі вырашыў даслаць 150 вайскоўцаў на польска-беларускую мяжу
Урад Чэхіі прыняў рашэнне накіраваць 150 чэшскіх вайскоўцаў на польска-беларускую мяжу, каб дапамагчы Польшчы спыніць паток мігрантаў з Беларусі. Гэтае рашэнне, калі яго зацвердзіць парламент, зробіць Чэхію трэцяй краінай NATO, пасля Вялікай Брытаніі і Эстоніі, якая накіроўвае вайскоўцаў на польска-беларускую мяжу.

„Польскі бок запытаў інжынерныя падраздзяленні, таму што просіць выканаць задачы па будаўніцтве і рамонце памежных шлагбаумаў. Варшава прасіла таксама падраздзяленні для назірання за мяжой з Беларуссю і днём, і ўначы”, — заявіў на прэс-канферэнцыі міністр абароны Чэхіі Любамір Метнар.
Ён сказаў, што парламент можа ўхваліць рашэнне на наступным тыдні, а вайскоўцы трапяць у Польшчу праз тыдзень. Пры гэтым яны не будуць непасрэдна ўдзельнічаць у нейкіх кантактах з людзьмі, якія спрабуюць перайсці мяжу.
