Урад ФРГ: Сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі значна пагоршылася



Сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі з 2020 года значна пагоршылася, гаворыцца ў адказе ўрада ФРГ на запыт дэпутатаў бундэстага ад фракцыі Левай партыі (Die Linke) на тэму нямецка-беларускага супрацоўніцтва да і пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года.

„Прадстаўнікі незалежных СМІ, а таксама выдавецкіх дамоў трапілі пад масіраваную хвалю рэпрэсій”, — адзначаецца ў дакуменце.

Акрамя таго, ураду вядома, што беларускія супрацоўнікі нямецкіх СМІ ў жніўні 2020 года затрымліваліся, нягледзячы на наяўнасць акрэдытацыі. „Сапраўдныя акрэдытацыі часткова ануляваліся, расійскія супрацоўнікі нямецкіх медыя дэпартаваліся з пяцігадовай забаронай на ўезд. У кастрычніку акрэдытацыі былі пазбаўленыя ўсе журналісты. Да цяперашняга часу новыя акрэдытацыі выдаваліся толькі асобным грамадзянам Германіі і краін ЕЗ. Беларускім супрацоўнікам нямецкіх медыя па-ранейшаму перашкаджаюць у атрыманні новай акрэдытацыі”, — падкрэслівае ўрад ФРГ.

Паведамляецца таксама, што ў 2021 годзе для міжнароднай тэлерадыёкампаніі „Нямецкая хваля” падзеі ў Беларусі і пашырэнне прапановы на беларускай мове будуць прыярытэтам дзякуючы павелічэнню бюджэтных датацый і фінансаванню праекта, які рэалізуецца знешнепалітычным ведамствам ФРГ. Плануецца адкрыццё ў Мінску карпункта „Нямецкай хвалі”.

Як паведамлялася, у „Індэксе свабоды прэсы”, які складае міжнародная арганізацыя „Рэпарцёры без межаў”, Беларусь за апошні год апусцілася са 153-га на 158-е месца (са 180).

belapan.by