Урад ФРГ: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі дасягнула ніжэйшай кропкі



Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі дасягнула ніжэйшай кропкі, гаворыцца ў справаздачы ўрада Германіі.

Дакумент аб палітыцы ўрада ФРГ у сферы правоў чалавека ахоплівае перыяд паміж 1 кастрычніка 2018 года і 30 верасня 2020 года. 18 снежня ён будзе прадстаўлены на разгляд дэпутатам Бундэстага.

„У Беларусі істотны дэфіцыт грамадзянскіх і палітычных правоў, асабліва ў сферы свабоды СМІ, сходаў і аб’яднанняў, — адзначаецца ў справаздачы. — Недзяржаўныя праваабарончыя арганізацыі, незалежныя партыі, аб’яднанні і выдавецкія дамы значна абмежаваныя. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі са снежня 2019 года паслядоўна пагаршалася. Пасля масавых рэпрэсій напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і гвалтоўнай рэакцыі на мірныя пратэсты пасля выбараў яна дасягнула ніжэйшай кропкі на гэты час”.

„Апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы, незалежныя журналісты, роўна як і ўдзельнікі пратэстнага руху, зведалі масавыя рэпрэсіі, у тым ліку пагрозы, пераслед, затрыманні, высылкі і ў асобных выпадках вельмі жорсткае абыходжанне”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Адзначаецца таксама, што ў Беларусі, якая не з’яўляецца членам Савета Еўропы, па-ранейшаму ўжываецца смяротнае пакаранне, а мандат спецыяльнага дакладчыка Савета ААН па правах чалавека не прызнаецца ўладамі краіны. „Дыялог паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю, у якім з 2016 года можна было адзначыць прагрэс, з-за эскалацыі гвалту і адмовы ўрада ад яго пасля прэзідэнцкіх выбараў цалкам спыніўся. Распачаты ў 2015 годзе дыялог ЕЗ і Беларусі аб правах чалавека апошні раз адбыўся 18 чэрвеня 2019 года, планы на 2020 год спачатку былі адкладзеныя з-за пандэміі COVID-19”, — канстатуе ўрад ФРГ. Ён нагадвае, што ў верасні 2018 года беларускае МЗС прадставіла даклад аб рэалізацыі Нацыянальнага плана Рэспублікі Беларусь па правах чалавека на 2016—2019 гады. „Прагрэс у сферы свабоды сходаў, аб’яднанняў і СМІ адсутнічаў. Аб новым дакуменце (на тэму рэалізацыі плана. — БелаПАН.) да гэтага часу інфармацыі няма”, — гаворыцца ва ўрадавай справаздачы.

Федэральны ўрад і Еўрапейскі звяз „падтрымліваюць шырокі спектр мер па прасоўванні правоў чалавека ў Беларусі як на двухбаковай аснове, так і па лініі Усходняга партнёрства”. У той жа час „пасля гвалтоўнага падаўлення пратэстаў у рамках прэзідэнцкіх выбараў 2020 года прыпынена работа стратэгічнай кансультатыўнай групы пад эгідай знешнепалітычных ведамстваў”. У гэтай групе „павінны былі выпрацоўвацца, у прыватнасці, прапановы ў сферы грамадзянскай супольнасці, правоў чалавека, вяршэнства права”.

13—14 снежня Берлін з рабочым візітам наведвае экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская. У праграме — перамовы з прэзідэнтам ФРГ Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам і іншымі буйнымі нямецкімі палітыкамі. З канцлерам Ангелай Меркель Ціханоўская сустракалася ў кастрычніку.

belapan.by