Урад Іспаніі прыпыніць аўтаномію Каталоніі
Іспанскія ўлады ў суботу пачнуць працэдуру прыпынення самакіравання Каталоніі і ўвядзення прамога праўлення з Мадрыда, пасля таго як лідар рэгіёну прыгразіў правесці праз мясцовы парламент пытанне аб незалежнасці.
Няпросты выбар стаіць перад абодвума палітыкамі – і Карлесам Пучдэмонам (злева) і Марыяна Рахоем
Прэс-служба прэм’ер-міністра Марыяна Рахоя паведаміла ў чацвер раніцай, што кабінет міністраў на экстраным пасяджэнні запусціць у дзеянне артыкул 155 Канстытуцыі, якая дазволіць увесці ў Каталоніі прамое кіраванне.
Гэта стала адказам на паведамленне пра тое, што лідар Каталоніі Карлес Пучдэмон у лісце Марыяна Рахою прыгразіў, што рэгіянальны парламент можа афіцыйна прагаласаваць па пытанні аб незалежнасці, калі ўлады ў Мадрыдзе не сядуць за стол перамоваў з уладамі Каталоніі і будуць працягваць „рэпрэсіі”.
„Калі цэнтральныя ўлады будуць упарціцца ў прадухіленні дыялогу і працягваць рэпрэсіі, парламент Каталоніі можа пачаць галасаванне па афіцыйнай аб’яве незалежнасці, якое не адбылося 10 кастрычніка”, – напісаў Пучдэмон у лісце Рахою.
У чацвер у 10 гадзін раніцы па мясцовым часе скончыўся тэрмін ультыматуму, вылучанага іспанскімі ўладамі лідару Каталоніі Карлесу Пучдэмону – адмовіцца ад абвяшчэньня незалежнасьці гэтага рэгіёну. За некалькі хвілін да заканчэння тэрміну Пучдэмон распаўсюдзіў паведамленне пра ліст іспанскаму прэм’ер-міністру, аднак аглядальнікі лічаць, што ён зноў ухіліўся ад канкрэтнага адказу.
Пучдэмон, як мяркуюць, абвесціць аб незалежнасці рэгіёна, калі цэнтральныя ўлады не сядуць з ім за стол перамоваў. Ёсць асцярогі, што гэтая сітуацыя можа прывесці да грамадзянскага непадпарадкавання ў Каталоніі.
У адваротным выпадку, як заяўляў раней прэм’ер-міністр Іспаніі Марыяна Рахой, ён увядзе ў правінцыі прамое кіраванне з Мадрыда ў адпаведнасці з артыкулам 155 Канстытуцыі краіны.
Фота Reuters