Урад Кабякова падасць у адстаўку
На днях беларускі ўрад мае падаць у адстаўку. Абавязак адстаўкі Савета Міністраў пасля прэзідэнцкіх выбараў прадугледжвае Канстытуцыя. Чым запомніцца ўрад Андрэя Кабякова? І хто з цяперашніх чыноўнікаў можа апынуцца ў новым урадзе? Каментары беларускіх эканамістаў, палітычных аглядальнікаў і экспертаў збіраў Зміцер Косцін.
У самы разгар абясцэньвання беларускага рубля пры канцы снежня мінулага года Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку папярэдні ўрад і прызначыў прэм’ер-міністрам Андрэя Кабякова. Асноўная задача, якая ставілася перад урадам – пераадолець крызіс у беларускай эканоміцы, які ўскладняўся крызісам і ў суседняй Расеі. Якраз з гэтай задачай эканамічны блок беларускага ўрада не справіўся, мяркуе беларускі эканаміст Леанід Заіка.
– Пра ўрад хачу сказаць наступнае: гэта хлопчыкі для біцця. І, у прынцыпе, прафесійна ніхто з іх не быў гатовы, за выключэннем аднаго-двух чалавек. Так, я нічога негатыўнага не магу сказаць пра міністра эканомікі, хоць яму таксама даводзілася рабіць глупсты, але гэта было па патрабаванні “зверху”. І я думаю, што ў будучыні, калі ва ўрадзе будуць такія мужныя “партызаны”, якія будуць казаць: “Аляксандр Рыгоравіч, вы не маеце рацыі! Вы не разумее сітуацыі!” – тады можна на штосьці спадзявацца. Але я не бачу там такіх людзей, якія б маглі ўдарыць кулаком па стале і сказаць: “З эканамічнага пункту погляду ўсё, што вы прапануеце, гэта глупства!”
Адным з найбольш нашумелых актаў, у распрацоўцы якіх прымаў удзел цяперашні ўрад, стаў так званы Дэкрэт аб дармаедах. Акрамя таго, эканамічны крызіс прывёў да росту беспрацоўя і праблемаў у сацыяльнай сферы, і тут урад таксама не зрабіў ніякіх дзеянняў, мяркуе старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
– Міністэрства працы сёння не на сваім месцы. Мабыць, яно працуе ў тых умовах, якія дае прэзідэнт. Але ж я лічу, што яны павінны выходзіць з ініцыятывамі. Патрэбны рэформы. І такія ініцыятывы павінны ісці ад прафсаюзаў і праз гэту структуру ўрада. Але нічога не робіцца, бо няма грошай. “Няма грошай” – гэта вельмі добры адказ. Як няма сродкаў, то не павінна быць і пытанняў, на іх думку. Але пытанні застаюцца.
Калі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы эксперты ацанілі ўрадаўцаў слаба, дык на знешнепалітычным фронце беларускае МЗС дамаглося значных поспехаў, мяркуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.
– Гэта тая структура, тое ведамства, дзе не чакаюцца персанальныя змены. Макей разам са сваімі намеснікамі папрацавалі эфектыўна. І вынікі ёсць. Варта ўзгадаць тут пытанне санкцый. Плённа папрацавала і Купчына: суразмоўцы задаволеныя кантактам з ёй.
Асобны блок урада – сілавікі, і іх падбору і прызначэнню Аляксандр Лукашэнка надае асаблівую ўвагу, і змена ўрада можа быць скарыстаная для ратацыі ў гэтым блоку, мяркуе кіраўнік аналітычнага аддзела партала Naviny.by Аляксандр Класкоўскі.
– Адна з асаблівасцяў палітыкі Лукашэнкі, якая пэўным чынам нагадвае сталінскую палітыку, – перамешваць гэтую калоду. Самы высокі кіраўнік засцерагаецца, каб не ўтвараліся нейкія ўстойлівыя групоўкі, кланы са сваімі інтарэсамі. Бо сілавікі – гэта людзі, якія маюць рэальную сілу. І калі даць ім магчымасць быць надта самастойнымі, доўга сядзець на сваёй пасадзе, то ўзнікае небяспека нейкіх змоваў. Я думаю, з гэтай прычыны своеасаблівыя, ненатуральныя ратацыі будуць мець месца і надалей.
За апошнія амаль 20 гадоў беларускі ўрад пераўтварыўся ў штучны орган, асноўная задача якога – выконваць загады Аляксандра Лукашэнкі, і новы ўрад наўрад ці будзе іншым, лічыць палітолаг Павел Усаў.
– Усе эканамічныя і сацыяльныя праграмы распрацоўваюцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта. І ніякіх самастойных і сур’ёзных функцыяў – асабліва ў плане рэформаў – урад не мае. Беларуская эканамічная і палітычная мадэль адчувае недахоп прафесійных кадраў, асабліва на вышэйшых пазіцыях. І гэта тычыцца не толькі ўрада, але і іншых палітычных інстытуцый. Наступны ўрад будзе традыцыйным працягам усіх тых урадаў, якія існавалі дагэтуль у беларускай дзяржаве.
У нядзелю пяціразовы прэзідэнт Беларусі на словах выказаў жаданне правесці рэформы. Ці пяройдзе ён ад словаў да справаў – стане вядома разам са складам новага паслявыбарчага ўрада.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by