Урад Латвіі сышоў у адстаўку



Прэм’ер-міністр Латвіі Лаймдота Страўюма абвясціла пра адстаўку ўрада краіны.

Адпаведную заяву яна зрабіла пасля сустрэчы з прэзідэнтам краіны Раймандсам Веёнісам, перадае партал delfi.lt.

„Прайшоў пэўны перыяд часу, урад прыняў два дзяржаўныя бюджэты, паспяхова справіўся са старшынствам Латвіі ў Радзе ЕЗ, пра што да гэтага часу атрымліваем станоўчыя водгукі. Дзяржава знаходзіцца ў добрым стане – у трэцім квартале гэтага года ў параўнанні з мінулым годам Валавы ўнутраны прадукт Латвіі вырас на 3,3%, заробкі павялічыліся, ёсць станоўчыя зрухі ў экспарце ў параўнанні з нашымі суседзямі, у якіх негатыўныя паказчыкі, аб’ём інвестыцый павялічыўся на 6% у параўнанні з мінулым годам”, – сказала Страўюма.

У сваю чаргу прэзідэнт Латвіі Раймандс Веёніс заявіў, што з фармаваннем новага ўрада трэба паспяшацца. Паводле яго слоў, кабінет Страўюмы пакінуў новаму кіраўніцтву краіны цэлы шэраг праблем, у тым ліку пытанне заробкаў педагогаў, даступнасці аховы здароўя, асваення Еўрарафондаў ды іншыя.