Урадавы дэсант на Падляшшы (абноўлена)



Рэгіён наведваюць чальцы ўраду, у тым ліку прэм’ер-міністр Эва Копач.

[Not a valid template]

(Фота прэс-службы Падляшскага ваяводства)

За дзень да выязднога пасяджэння ўраду прэм’ер-міністр Польшчы Эва Копач правяла перадвыбарчыя сустрэчы з грамадскасцю ў горадзе Гайнаўка на Падляшшы.

За візітам кіраўніцы ўраду назіраў наш карэспандэнт Радэк Дамброўскі:

– Прэм’ер-міністр Эва Копач сустрэлася з самаўрадаўцамі, прадпрымальнікамі і прадстаўнікамі трэцяга сектара. Сустрэча прайшла ў Гайнаўскім доме культуры, а затым Эва Копач наведала Сабор Святой Тройцы. Гэта частка візіту палітыка ўжо стандарт, асабліва ў час выбарчай кампаніі, падсумаваў настаяцель царквы Міхал Негерэвіч. Прэм’ер міністр да сустрэчы была падрыхтаваная, гаварыла пра супольнае пагадненне гмінаў і дзяржаўных лясоў у справе аховы Белавежскай пушчы і развіцця турызму ў гэтым рэгіёне. Таксама гаварыла пра поспехі мясцовага прадпрыемства „Pronar”, якое вядомае ва ўсім свеце. Была зарыентаваная ў важных для насельніцтва справах, зрэшты самаўрадаўцы падкрэслілі, што самае важнае ў сустрэчы – гэта магчымасць нагадаць пра праект  аховы і развіцця рэгіёну Белавежскай пушчы, а таксама прыгадаць пра абяцаныя праграмы і грошы, якія абяцала яшчэ міністр Бянькоўска. Сама Эва Копач скарыстала сустрэчу, каб пахваліцца сваімі дасягненнямі на пасадзе кіраўніка ўраду і мабілізаваць выбаршчыкаў, каб у надыходзячых выбарах даверылі партыі ўладу.

Заўтра прэм’ер-міністр Эва Копач будзе ў Беластоку, візіт яна распачне з наведвання праваслаўнай школы імя святых Кірыла і Мяфодзія. Таксама ў сталіцы Падляшша мае адбыцца выяздное пасяджэнне ўраду.

У той жа час ў Бельску Падляшскім адбылася сустрэча з міністрам інфраструктуры і развіцця Польшчы Марыяй Васяк, прадпрымальнікі і мясцовае кіраўніцтва абмеркавалі будаўніцтва дарогі S19:

– Галоўнай тэмай была S19 і яе роля ў стратэгічным развіцці рэгіёна. Сустрэча была вельмі сэнсоўнай, якая ў прынцыпе запоўніла тое абгрунтаванне, якое з’яўляецца абгрунтаваннем  для праграмы пабудовы дарог, для прыняцця рашэння пра пабудову, мадэрнізацыю S19. Пабудова ўпісана ў план.

Дарога S19 мае спалучыць, сярод іншага, Беласток і Люблін, і будзе прабягаць праз Бельск Падляшскі і Сямятычы. Гэта вялікі шанец для гаспадарчага развіцця ўсяго Падляшша.

[Not a valid template]

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара