Урады Літвы і Польшчы падтрымалі беларускі народ
Літва і Польшча падпісалі дэкларацыю пра стратэгічнае партнёрства і Беларусь. Дакумент быў падпісаны 17 верасня ў Вільнюсе прэм’ер-міністрам Літвы Саўлюсам Сквярнялісам і яго польскім калегам Матэвушам Маравецкім, паведамляе Delfi.
„Мы падтрымліваем імкненне беларускага народа жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне з кіраваннем лідараў, якія б былі абраныя на свабодных і сумленных выбарах”, — гаворыцца ў дэкларацыі.
Сквярняліс і Маравецкі заклікалі як мага хутчэй правесці ў Беларусі свабодныя і дэмакратычныя выбары.
У дэкларацыі зацверджаныя меры па падтрымцы беларусаў, якія сталі ахвярамі рэпрэсій і маюць патрэбу ў лячэнні або медыцынскай дапамозе. Падтрымка таксама будзе аказаная студэнтам, навукоўцам, прадстаўнікам культуры і мастацтва, якія пазбавіліся працы з-за сваіх поглядаў. „Улічваючы гэта, Літва і Польшча дамовіліся яшчэ больш актыўна каардынаваць гэтыя намаганні, у тым ліку і на ўсіх міжнародных форумах”, — гаворыцца ў дакуменце.
У дэкларацыі таксама адзначаецца, што стратэгічнае партнёрства Літвы і Польшчы ў апошнія гады ўзмацнілася „як якасна, так і колькасна”. Краіны абавязваюцца працягваць развіваць супрацоўніцтва „ў сферах бяспекі, бізнесу, эканомікі, нацыянальных меншасцяў, культуры, адукацыі, моладзевых абменаў, навуковых даследаванняў і ў іншых галінах”.
„Асаблівую ўвагу ў адносінах дзвюх краін мы нададзім гістарычнай памяці і не будзем мірыцца з дзёрзкімі спробамі некаторых дзяржаў перапісаць гісторыю і інакш інтэрпрэтаваць гістарычныя факты”, — гаворыцца ў дэкларацыі.