Урокі пратэстнай вясны



Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас распавядае пра тое, якія ўрокі павінны зрабіць улады і апазіцыя пасля пратэстнай вясны-2017.

Уладзімір Колас: На вялікі жаль, улада, відаць, ніякіх урокаў не робіць, а калі і робіць, то памылковыя. Яна думае, што можна гвалтам і сілай вырашаць нейкія праблемы. Маўляў, калі задушылі пратэст, то і праблема знікла. Насамрэч праблемы толькі павялічваюцца, нарошчваюцца, і іх вырашэнне робіцца яшчэ больш складаным, што нясе пагрозу самой уладзе.

РР: А калі казаць пра апазіцыю…

Уладзімір Колас: Яна таксама не робіць ніякіх урокаў, таму што толькі кансалідаваныя дзеянні могуць мець нейкі вынік. Але ж падчас вясновых пратэстаў ізноў была прадэманстравана раз’яднанасць, акцыі насілі лакальны характар. Калі нехта абвяшчаў пра мерапрыемства, то знаходзіўся хтосьці яшчэ, які заяўляў ужо пра сваю акцыю. І, такім чынам, гэта быў чарговы падарунак уладзе, а таму пратэсты не мелі таго выніку, які павінен быць. Сітуацыя кансервуецца ў негатыўным плане.

РР: А хто больш пастараўся дзеля таго, каб людзі выйшлі на вуліцу – улада ці апазіцыя?

Уладзімір Колас: Тое, што маршы “дармаедаў” сінхронна і арганізавана ўзніклі ў правінцыі наводзіць на розныя думкі. Думаю, не толькі апазіцыя парупілася пра гэта.

РР: На Ваш погляд, ці могуць паўтарыцца пратэсты ў Беларусі?

Уладзімір Колас: Безумоўна, паколькі тая эканамічная мадэль, якая існуе, не мае аніякіх перспектыў і не абапіраецца на ўнутраныя рэсурсы і творчую ініцыятыву саміх беларусаў. У Беларусі – савецкая мадэль, калі кіраўнік прывозіць рэсурсы і сродкі з цэнтра, які знаходзіцца па-за краінай, а таму і рашэнні прымаюцца не ў Беларусі. Такая мадэль наканавана на паразу. Таму наперадзе нас чакаюць вясёлыя часы, калі не будуць сапраўды зроблены адэкватныя высновы і не будуць распачаты неабходныя рэформы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя