Усе дарогі вядуць у Берлін?
Праз беларуска-польскую мяжу трапіць у Еўразвяз імкнуцца пераважна грамадзяне Грузіі і Расеі, у тым ліку чачэнскай нацыянальнасці.
У размове з карэспандэнтам нашага радыё прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта РБ Аляксандр Цішчанка расказаў пра тыя захады, якія прымаюцца ў сувязі з патокам мігрантаў, і закрануў заканадаўчыя аспекты такой міграцыі.
Уцекачы з Чачні на тэрыторыі Беларусі з’явіліся яшчэ ў час першай і другой чачэнскіх войнай. Пазней, пасля “рэвалюцыі ружаў” у Грузіі і падзей пасля яе, да іх далучыліся ўцекачы з Грузіі.
– Спачатку было даволі складана ахапіць гэты паток мігрантаў. Паступова мы блакавалі граніцу, блакавалі максімальна ў тых умовах і цяперашніх таксама. Гэтыя каналы міграцыі і групы цяпер дзейнічаюць паводле сфармаванай схемы: яны ў пераважнай большасці выкарыстоўваюць легальны спосаб перасячэння граніцы, каб афіцыйна запрасіць статус уцекача на тэрыторыі Еўразвязу, у прыватнасці, на тэрыторыі Польшчы.
РР: То бок, яны сядаюць у Берасці ў цягнік, едуць і на мяжы польскім памежнікам кажуць, што хочуць атрымаць статус уцекача…
– Так, яны прыязджаюць на тэрыторыю Беларусі, дабіраюцца да Берасця, рэгіструюцца, не парушаюць грамадскі парадак, не паглыбляюць крымінагенную абстаноўку. У іх маршрут просты: сеў у цягнік, прыехаў у Польшчу, папрасіў статус уцекача. Калі яго вяртаюць, ён вяртаецца і спрабуе зноў. І ўсё гэта адбываецца ў рамках заканадаўства. З Грузіяй і Расеяй у нас бязвізавы рэжым, таму яны ў нас могуць знаходзіцца колькі хочуць.
РР: Колькі разоў так можна ездзіць, і колькі часу можна знаходзіцца такім мігрантам у Беларусі?
– Па-рознаму бывае. Некалькі дзясяткаў разоў ён можа выязджаць. Па сутнасці, наколькі яму хапае сродкаў. Некаторыя вяртаюцца ў Грузію, Чачню, каб сабраць сродкі і зноў працягнуць спробы. Ёсць адзінкі, якія спрабуюць “штурмаваць” “зялёную граніцу”, то бок ідуць на незаконныя шляхі. Але, у прыватнасці ва ўзаемадзеянні з польскімі памежнікамі, мы гэтыя спробы спыняем.
Сёння на мяжы з Польшчай у дачыненні да чачэнцаў і грузінаў існуе тая сістэма, пра якую зараз гавораць у Еўропе. Яны цяпер аднаўляюць памежны кантроль не для таго, каб не пускаць масу ўцекачоў, а для таго, каб браць яе пад кантроль. Вось на беларуска-польскай мяжы – максімальна рэгістраваны паток. Ураджэнцы Грузіі і Чачні надалей напаўняюць гэты паток, як бы гуляюць у рулетку.
РР: Але вы пацвярджаеце, што гэтая колькасць мігрантаў апошнім часам павялічваецца, у апошнія месяцы?
– Ёсць пэўнае павелічэнне. Фактар сезоннасці ўплывае, а ў гэтым выпадку – інфармацыя, якая цяпер культывуецца ў СМІ, служыць каталізатарам для актывізацыі такіх працэсаў. Напрыклад, інфармацыя, што вялікую суму грошай Еўразвяз гатовы асвоіць у інтарэсах уцекачоў і гэтык далей. Мігранты, якія з нашага боку ідуць, таксама ж арыентуюцца не на Польшчу, а на Нямеччыну, Францыю, Брытанію і разглядаюць Польшчу як транзітную краіну. Калі казаць вобразна, то раней “усе дарогі вялі ў Рым”, то цяпер “усе дарогі вядуць у Берлін”. У гэтай сітуацыі зразумелая занепакоенасць Польшчы, бо калі Венгрыя і Аўстрыя ды іншыя краіны зачыняюць межы, то патокі мігрантаў пачынаюць змяшчацца. Вось апошнія заявы літоўскага боку, што яны затрымліваюць мігрантаў, якія з Польшчы праз Літву накіроўцваюцца ў Фінляндыю. Пры гэтым у крымінальным абароце з’явілася абсталяванне для вырабу сірыйскіх пашпартоў. Гэта, безумоўна, выклікае занепакоенасць і перасцярогі.
Ёсць інфармаця пра такіх мігрантаў, якія ідуць з боку Украіны. Мы таксама рыхтуемся, пачалі дэмаркацыю граніцы. Тут чакаць нельга, да такіх рэчаў трэба рыхтавацца. І ў плане бяспекі. Пад выглядам уцекачоў могуць пранікаць непажаданыя асобы. Заявы апошнія, у тым ліку Аль-Каіды ды “Ісламскай дзяржавы”, была нават агучаная лічба, што каля чатырох тысяч падрыхтаваных баевікоў прайшла з хваляй уцекачоў у Еўразвяз. Вось Венгрыя 30 чалавек затрымала за апошнія суткі незаконных мігрантаў, якія прарываліся праз агароджу да мяжы, і адзін з іх акурат знаходзіцца ў базах як тэрарыст.
РР: Небяспека рэальная, вы хочаце сказаць, а не тэарэтычная…
– Гэта рэальна, абаснавана. І тое, што Еўропа цяпер спрабуе вырашыць праблему мігрантаў і еўрапейскай бяспекі, гэта вельмі правільна.
Паводле беларускіх памежнікаў, у чэрвені ў пункце пропуску “Берасце” зафіксавалі 1 700 спробаў выезду ў Польшчу грамадзянамі Каўказа і Сярэдняй Азіі, у ліпені – больш за 2 тысячы, у жніўні – 8 300, а за першую дэкаду верасня – звыш 4 тысяч. Пры гэтым больш за 75% летніх спробаў выезду з Беларусі завершыліся вяртаннем у Берасце. Пра гэта днямі паведаміў партал tut.by.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота theweek.in