Усе этапы „выбараў” прайшлі з парушэннямі



“Усе этапы выбарчай кампаніі ў Палату Прадстаўнікоў прайшлі з парушэннем заканадаўства,” – заявіў каардынатар грамадскай кампаніі „За справядлівыя выбары 2016” Валеры Ухналёў. Парушэнні пачаліся ўжо падчас фармавання выбарчых камісій, працягнуліся на этапе вылучэння кандыдатаў і дасягнулі піку падчас галасавання:

– Датэрміновае галасаванне паказала, што ва ўсю прымяняецца адміністрацыйны рэжым, прымус, завышэнне яўкі. Можна адзначыць адносна новы момант гэтай кампаніі – гэта галасаванне па месцы знаходжання выбарцаў. Вельмі вялікія лічбы ў асобных камісіях, дзе такім чынам вырашаліся праблемы яўкі. І асноўны момант – гэта падлік галасоў. Паводле нашых дадзеных, на 88,5% участкаў, дзе мы назіралі, назіральнікі не маглі бачыць падліку галасоў.

“Па падліках назіральнікаў кампаніі „За справядлівыя выбары 2016” , больш за 82% сяброў камісій таксама не бычылі зместу выбарчых бюлетэняў,” – дадаў Валеры Ухналёў.

У выніку назіральнікі камапніі падалі ў розныя інстанцыі больш 200 скаргаў на выяўленыя парушэнні. Аднак яны засталіся без рэагавння з боку ўлады.Таму кампанія „За справядлівыя выбары” не можа прызнаць гэтыя выбары свабоднымі і справядлівымі, як падкрэсліў Валеры Ухналёў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя