Усебеларускі Кангрэс за незалежнасць Беларусі (абноўлена)
У Менску завершыў працу Кангрэс за незалежнасць. У ім удзельнічала больш за 60 дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі.
Быў прыняты маніфест у абарону незалежнасці Беларусі. Таксама сфармавана Рада Кангрэсу, якая будзе дзейнічаць пастаянна. У яе ўвайшлі 17 чалавек, у тым ліку старшыня Таварыства Беларускай Мовы Алег Трусаў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, акадэмік Радзім Гарэцкі і іншыя. Каардынатарам рады абрана Алена Анісім.
Па словах аднаго з галоўных арганізатараў кангрэсу Алега Трусава, пасля прыняцця маніфесту аб незалежнасці зараз галоўнай задачай з’яўляецца збор пад яго тэкстам не менш 1 міліёна подпісаў:
– Праз пяць дзён, калі рэдакцыйная камісія маніфест дапрацуе, ён будзе выстаўлены ў інтэрнэце, тады людзі пачнуць яго падпісваць. Сутнасць маніфеста – паказаць усяму свету, што існуе незалежная, суверэнная, нейтральная Рэспубліка Беларусь. І калі ў нас будзе мільён ці больш подпісаў, наўрад ці захоча Расея нас захапіць, бо гэта воля грамадзян.
Па словах Алега Трусава, вырашана зрабіць Кангрэс за незалежнасць пастаянна дзеючай структурай. Ён будзе збірацца праз 3-4 месяца і абмяргоўваць лёсавызначальныя пытанні краіны. Такіе, як наступствы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і іх пераадоленне, пытанні культуры, адукацыі і іншыя.
[Not a valid template]
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
Сенсацыйным на сённяшнім Кангрэсе за незалежнасць Беларусі стаў палымяны выступ дэлегата, прадпрымальніка з Кобрына, Аляксандра Меха, што неаднаразова перарываўся апладысментамі.
Спадар Мех прапанаваў ператварыць Кангрэс ў агульнаграмадзянскі рух за Незалежнасць – над галовамі “паэтаў і ўрадаў”. Вось фрагмент яго выступу:
– Сёння расейская мова стала фактарам дэстабілізацыі. З расейскай мовай наступае “русский мир” з “градамі”. Адзінай дзяржаўнай мовай мусіць быць беларуская. Трэба пачаць кампанію па вяртанні нашых нацыянальных сімвалаў: дзяржаўны сцяг – бел-чырвона-белы, а дзяржаўны герб – Пагоня. Што тычыцца выбараў, то да выбараў адзінага кандыдата стаўлюся скептычна. Таму што рэальна абірае такога кандыдата ўлада. Але ісці на выбары толькі пры адсутнасці ў выбарчых спісах прозвішча – Лукашэнка А.Г. Таксама абавязковае вызваленне ўсіх палітвязняў. У іншым выпадку аб’яўляем байкот. Што тычыцца мяне, паступіла прапанова вылучыць мяне ў якасці кандыдата ў гэтай выбарчай кампаніі.
Па аднадушнай прапанове дэлегатаў кангрэса, Аляксандр Мех быў абраны чальцом пастаянна дзеючай Рады.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара
* * *
У Менску працягвае працу Усебеларускі кангрэс за незалежнасць. З гатэля “Вікторыя” паведамляе наш карэспандэнт Віталь Сямашка:
– 67 чалавек прыехала ад усіх абласцей Беларусі – такія дадзеныя агучыла мандатная камісія. Былі агучаныя вітанні ад Аляксандра Мілінкевіча, ад Партыі БНФ. Прадстаўнікі і лідары іншых партый на Кангрэс не прыехалі. Былі аднагалосна прынятыя заўвагі Зянона Пазняка пра тое, што незалежнасць Беларусі ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі была аб’яўлена яшчэ 25 сакавіка 1918 года ў этнаграфічных межах беларускага народа, а таксама пацверджана 1 студзеня 1919 года як Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь у тых жа межах. Пацверджана тое, што новую пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваным беларускімі ўладамі 9 кастрычніка 2014 года. Дарэчы, найбольшыя заўвагі былі з боку ЛДПР, што з ЕўразЭСу не трэба выходзіць. Гэтай заўвагі не прынялі.
* * *
У гатэлі “Вікторыя” ў Менску пачаў працу Усебеларускі кангрэс за незалежнасць. На месцы знаходзіцца наш карэспандэнт Віталь Сямашка:
– Сабралася каля сотні дэлегатаў з усёй краіны. Нагадаю, што ідэя кангрэсу ўзнікла пасля публікацыі ў газеце «Народная воля» артыкула Алега Трусава і Алены Анісім. Пасля быў утвораны аргкамітэт, у які ўвайшлі вядомыя грамадскі дзеячы. Адметнасць з’езду ў тым, што фактына не абмяркоўваецца, а прымаецца маніфест у абарону незалежнасці Беларусі, паколькі напярэдадні ён быў разасланы па месцах і ў залі ў гэтым сэнсе пануе поўнае адзінства.
Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Менску адбудзецца Усебеларускі Кангрэс за Незалежнасць. Ініцыятарамі склікання Кангрэсу з’яўляюцца Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Рада беларускай інтэлегенцыі. Канчатковай мэтай Кангрэсу будзе падпісанне Маніфесту пра Незалежнасць, пад якім зможа падпісацца кожны грамадзянін Беларусі, якому неабыякавы далейшы лёс Незалежнасці сваёй краіны, якая зараз пад пагрозай, – зазначае сябра аргамітэту, падпалкоўнік Узброеных сілаў Беларусі ў адстаўцы Станіслаў Суднік:
– Кангрэс збірае ўсе нацыянальна-патрыятычныя сілы, каб засведчыць сваю волю да Незалежнасці, гатоўнасць бараніць гэтую Незалежнасць. Дай Божа, каб нам не трэба было ўставаць на абарону з аўтаматамі, ці кулямётамі. Каб гэтага не адбылося, трэба мірным шляхам паказаць волю народа. Тое, што беларускі народ – за Незалежнасць, што ён гэтую Незалежнасць шануе, любіць і гатовы за яе падняцца.
Усебеларускі Кангрэс за незалежнасць адбудзецца заўтра ў зале гатэля “Вікторыя” ў Менску. Арганізатары чакаюць дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя