Усебеларускі кангрэс за незалежнасць пераносіцца на красавік



Усебеларускі кангрэс за незалежнасць пераносіцца на красавік. Рашэнне прынята на пасяджэнні аргкамітэта мерапрыемства 27 лютага, паведаміў у сацыяльных сетках сустаршыня аргкамітэта Ігар Рынкевіч.

Усебеларускі кангрэс за незалежнасць планавалася правесці 15 сакавіка. Меркавалася, што гэта будзе не столькі з’езд прадстаўнікоў палітычных партый, колькі вялікі збор прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народа; заяўляўся удзел да 500 дэлегатаў.

„У сувязі з неабходнасцю правядзення ўсёй арганізацыйнай працы, правядзення мерапрыемстваў па тэматычных кірунках у выглядзе круглых сталоў або ў іншым фармаце з удзелам экспертаў вырашана перанесці дату правядзення кангрэса. Дакладная дата не вызначана, але прыкладна на месяц, да „Чарнобыльскага шляху” 26 красавіка”, — напісаў Рынкевіч. Аператыўна ўдакладніць дэталі ў палітыка не ўдалося: на тэлефонныя званкі ён не адгукаўся.

Як паведаміла БелаПАН сустаршыня аргкамітэта, кіраўнік грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) Алена Анісім, зала для правядзення мерапрыемства ўжо была забраніравана на 15 сакавіка. На пасяджэнні аргкамітэта, дзе было прынята рашэнне аб пераносе даты кангрэса, яна не прысутнічала.

„Тое, за што браўся ТБМ, мы зрабілі. Мы забраніравалі залу. Я не ведаю, што і чаму адбылося, можа, таму, што іншыя былі не гатовыя. Людзей, якія звярталіся да нас з просьбай стаць дэлегатамі, прыйдзецца здымаць з удзелу”, — сказала яна.

Анісім заявіла, што ТБМ не будзе займацца пошукам памяшкання, але з ліку суарганізатараў кангрэса не выходзіць.

„Пытанне незалежнасці не здымаецца з парадку дня. Мы бачым, што палітычныя партыі занятыя трохі іншымі пытаннямі. Так было і ў 2014 годзе, перад першым кангрэсам. У піку яны не становяцца, але ў іх ёсць свае палітычныя кампаніі, на якія яны трацяць свае асноўныя намаганні”, — адзначыла палітык.

belapan.by