Усебеларускі кангрэс за незалежнасць перанесены з-за пандэміі COVID-19
Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, які дэмакратычная грамадскасць планавала правесці ў сярэдзіне траўня, перанесены з-за пандэміі каранавіруснай інфекцыі COVID-19, паведаміў на тэматычнай старонцы гэтага мерапрыемства ў „Фэйсбуку” сустаршыня аргкамітэта кангрэса Ігар Рынкевіч.
„Правядзенне Усебеларускага кангрэса за незалежнасць было запланавана на сярэдзіну траўня перад самітам ЕАЭС, які рыхтаваўся ў Менску на 19 траўня (нядаўна яго перавялі на фармат відэаканферэнцыі, што таксама зніжае небяспеку „паглыблення інтэграцыі” з РФ), — напісаў Рынкевіч. — Але ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, што разгарнулася ў Беларусі і за яе мяжой, скліканне кангрэса вымушана пераносіцца на больш позні тэрмін. Новая дата будзе прызначана аргкамітэтам кангрэса з улікам развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі і выклікамі для беларускага суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі”.
„Аргкамітэт працягне падрыхтоўчыя мерапрыемствы анлайн, з прымяннем дыстанцыйных інструментаў па скліканні агульнанацыянальнага форуму. Асноўная камунікацыя па праблематыцы кангрэса вядзецца ў сацсетцы „Фэйсбук”, а менавіта, грамадзяне могуць звяртацца з прапановамі ды далучацца да патрыятычнай супольнасці на платформе адкрытай FB-групы „Усебеларускі кангрэс за незалежнасць”, — адзначыў Рынкевіч.
На прэс-канферэнцыі 13 сакавіка ў Менску ён паведаміў, што ў падрыхтоўку мерапрыемства ўключаны прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі БНФ, Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ, аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Правядзенне кангрэса ў снежні 2019 года ўхвалілі арганізацыі, якія бралі ўдзел у пратэстах у падтрымку незалежнасці.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці ёсць неабходнасць у правядзенні мерапрыемства, Рынкевіч заявіў: „Мы ўпэўненыя, што ў сістэме дзеянняў па абароне незалежнасці акрамя вулічных акцый неабходна праводзіць сістэмную аналітычную працу па падрыхтоўцы агульнанацыянальнага падыходу. У нас няма іншай легітымнай пляцоўкі, акрамя Усебеларускага кангрэса. Цяпер небяспека для незалежнасці ў шмат разоў узрасла. Мы лічым, што кангрэс як тэматычная платформа, дзе і грамадскія арганізацыі, і незалежныя прафсаюзы, і бізнес-супольнасці, яны далучацца да працэсу, — гэта неабходны крок”.