Усебеларускі “хурал”: піяр ці распрацоўка стратэгіі?



Намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч выказаў сваё меркаванне пра Усебеларускі народны сход, які пройдзе ў Менску 22-23 чэрвеня.

Gubarevicz

Як заявіў Лукашэнка, праграма развіцця на 2016—2020 гг. будзе галоўным дакументам для абмеркавання на Усебеларускім народным сходзе.

«Мы не збіраемся тут займацца нейкім піярам, – сказаў ён. -Нам трэба сапраўды вызначыцца, як мы будзем дзейнічаць у будучай пяцігодцы. Нам трэба сарыентаваць грамадства”.

Юрась Губарэвіч: З гэтым народнымі “хураламі” ўлада сама загнала сябе ў кола, у якім круціцца як вавёрка і не можа спыніцца. Першыя такія мерапрыемства былі непрыхаваным піярам асвятлення поспехаў той эканамічнай мадэлі, якая базавалася на досыць істотных датацыях з боку Расеі. А сёння няма такіх датацый – і няма поспехаў. Што дэманстраваць? Але падобнае мерапрыемства стала традыцыйным, таму хочаш-не хочаш, але яго трэба праводзіць. І менавіта зараз найбольш зручны час гэта зрабіць, а не перад прэзідэнцкімі выбарамі, калі падобныя сходы выклікалі б толькі раздражненне. А сёння гэта будзе звычайнае працоўнае мерапрыемства.

РР: Ці можна на такіх сходах выпрацаваць эканамічную стратэгію на пяцігодку?

Юрась Губарэвіч: Наўрад ці. На такіх сходах хіба што могуць разглядзець прапановы, якія распрацаваны ва ўрадзе, і адзінагалосна прагаласаваць за тое ці іншае рашэнне “партыі”. Гэта не той фармат, які дазваляе сур’ёзна папрацаваць з далучэннем экспертаў, зрабіць глыбокі аналіз і гэдак далей.

РР: У краіне наогул большасць планаў, якія ставяцца на пяцігодкі, не выконваюцца. Навошта нам невыканальныя задачы?

Юрась Губарэвіч: Па-першае, пяцігодка – гэта дастаткова доўгі тэрмін. Многія сёння ўжо, напэўна, і не памятаюць, што там было запланавана пяць гадоў таму. Калі не памыляюся, планка, якая ставілася ў 2010 годзе, яна была значна вышэйшая за тыя дасягненні, што плануецца абмеркаваць ды ўзяць за арыенцір зараз. Так што час ідзе – людзі змяняюцца. І нешта старое ўжо можна выдаваць за новае.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя