Праўладны Усебеларускі сход: маркер наменклатурных настрояў



Маркер наменклатурных настрояў. Так аналітыкі ацэньваюць мэты праўладнага Усебеларускага народнага сходу, які ў Менску плануецца 11 і 12 лютага. У сталіцу прыедуць каля двух тысячаў дэлегатаў, якіх выбіралі мясцовыя саветы, а гэта пераважна прадстаўнікі вертыкалі. Як заўважае журналістка і аналітык Святлана Калінкіна, сход пакажа іх настрой, калі наменклатура для сябе павінна вырашыць ці Аляксандр Лукашэнка сыходзіць, ці  працягваецца кансервацыя палітычнага жыцця.

– Гэта будзе сапраўды такі маркер настрояў ва ўладзе. Гэта настрой на транзіт улады, на тое, што Аляксандр Лукашэнка павінен сысці, няхай не зараз, не падчас сходу, але ў нейкай больш-менш бачнай перспектыве. І наадварот, што гэта будзе курс на кансервацыю сітуацыі, на рэпрэсіі, на зацягванне крызісу.

Журналіст і палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі дадае, гэты сход не будзе гістарычным, хутчэй дэкларацыяй выбару беларускай палітычнай эліты.

– Я не думаю, што Усебеларускі народны сход абавязкова будзе мець нейкае гістарычнае значэнне, хаця пра гэта ўжо кажуць у прапагандзе. Мы можам пабачыць або той, або іншы выбар кіруючай эліты. Калі яны пагаджаюцца на трансфармацыю ўлады, або не.

Беларускія афіцыйныя ўлады дэкларуюць, што менавіта гэты сход павінны стаць шырокай палітычнай дыялогавай пляцоўкай, але сярод запрошаных на сход пераважна прадстаўнікі беларускай наменклатуры. Запрасілі некалькі лідараў апазіцыйных партый, але ад удзелу ў форуме адмовіліся – Ігар Барысаў (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя), Сяргей Калякін («Справядлівы свет»), Сяргей Чэрачэнь (кіраўнік партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада).

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя