Усебеларускі народны сход патрэбны Лукашэнку, каб пазбавіцца ад тытула „прэзідэнт АМАПу”
Напярэдадні Усебеларускага народнага сходу, які павінен прайсці 11-12 лютага ў Менску, наш карэспандэнт Улад Грынеўскі абмеркаваў яго правядзенне з калегамі-журналістамі Святланай Калінкінай і Паўлюком Быкоўскім.
РР: Для Аляксандра Лукашэнкі гэты сход ці пройдзе ў той атмасферы, у якой ён прызвычаіўся, як і было раней? Усё было пампезна, ён выступаў, расказваў там пра свае нейкія дасягненні, якія адбываліся. Мне здаецца, што сёлета трошкі іншая сітуацыя, прынамсі Каардынацыйная рада запрашае да пратэсту ў гэтыя дні. Якая атмасфера можа быць гэтага сходу?
Святлана Калінкіна: Я не чакаю сюрпрызаў на самім сходзе, бо дэлегацыя гэтая абраная, сцэнар там напісаны. Не думаю, што нейкія рэвалюцыянеры туды трапяць і выступяць з нейкімі такімі нечаканымі для ўлады прамовамі. Але сама атмасфера, у якой сход будзе праходзіць, сапраўды, незвычайная, і нават дэлегаты сходу, якія туды паедуць, едуць не ў самым лепшым настроі. Раней яны ехалі, каб там крыху пасядзець, атрымаць нейкія падарункі, схадзіць на нейкія культурніцкія мерапрыемствы, карацей, далучыцца да нейкай такой наменклатурнай эліты Беларусі. А цяпер гэта ўжо зусім не так, гэта ўжо азначае прысягнуць на вернасць рэжыму. І для іх сітуацыя таксама не самая прыемная.
Паўлюк Быкоўскі: Насамрэч я тут згодны са Святланай, вялікіх такіх пазітыўных надзеяў з гэтым сходам удзельнікі не выказваюць. Нават у тых інтэрв’ю, якія яны даюць дзяржаўным медыя, некаторыя кажуць дзяжурныя фразы, некаторыя кажуць абсалютнае летуценне, звязанае з тым, што гэта будзе нейкае веча, на якім будзе прымацца дапамога для моладзі, ці для спорту, ці штосьці падобнае. У праграме нічога падобнага няма.
РР: То бок такія звычайныя савецкія выказванні, да якіх мы прызвычаіліся?
– Натуральна.
РР: Як вы лічыце, а пратэсты перашкодзяць нейкім чынам удзельнікам вось гэтых сходаў? І ўвогуле ці з’явяцца гэтыя пратэсты перад сходам?
Святлана Калінкіна: Наконт пратэстаў не ведаю, не магу прагназаваць. Мне падаецца, нейкія акцыі будуць, бо яны ёсць кожны дзень. А сход гэта яшчэ такая дадатковая нагода. Але важна разумець, навошта Лукашэнка праводзіць гэты сход. Сапраўды, дэлегаты выказваюцца хто за што: хтосьці – як ён будзе падымаць спорт, хто – моладзь, хто – культуру, хто – навуку, хто – літаратуру. Але на самой справе сход патрэбны Аляксандру Лукашэнку, каб пазбавіцца ад тытула, які ён атрымаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, – „прэзідэнт АМАПу”. Зараз уся прапаганда накіраваная на тое, каб паказаць, што за Лукашэнкам ёсць нейкія людзі, ёсць прыхільнікі, у яго ёсць нейкі электарат. І вось толькі дзеля гэтага ў асноўным і збіраецца гэты сход.
Я не ведаю, як будуць паводзіць сябе пратэстоўцы, як будуць паводзіць сябе дэлегаты. У ідэале, калі ўладам Беларусі патрэбны нейкі дыялог, які дэкларуецца, павінны былі быць запрошаныя на гэты сход той жа Віктар Бабарыка, напрыклад. Але пакуль што выглядае так, што ўсё гэта будзе такое рытуальнае мерапрыемства, і не больш за тое. Хаця, калі раптам нешта пойдзе па іншым сцэнары, напрыклад, сапраўды там дадумаюцца змяняць Канстытуцыю ці нейкія іншыя лёсавызначальныя рашэнні прымаць, то тады абавязкова будзе абвастрэнне вулічных пратэстаў.
РР: Валерый Карбалевіч выказаўся пра тое, што для Аляксандра Лукашэнкі гэты сход такі псіхалагічны трэнінг, калі ён будзе стаяць у залі і ўсе будуць выказвацца пра тое, што ён выдатны лідар беларускай улады. Такі тэрмін таксама можа быць тут.
Святлана Калінкіна: Гэта не трэнінг, а хутчэй такое самалюбаванне, такі калектыўны сеанс у псіхааналітыка. Хоць я не бачу пакуль у Аляксандра Лукашэнкі такіх сумневаў, што ён нешта дрэннае робіць у краіне. Ён адкрыта гэтага не дэманструе. Але, сапраўды, атачэнне, сілавікі, тыя, хто любымі спосабамі хоча ўтрымаць яго ва ўладзе, гэтым занепакоены. Яны занепакоены і тым, а раптам Лукашэнку стане сорамна, што ён „прэзідэнт АМАПу”, а ёсць цэлы беларускі народ. Для іх гэта важна. І яны прымушалі пісаць лісты падтрымкі, падзякі, віншаванні перад Новым годам Лукашэнку. Вось зараз яны лётаюць і здымаюць бел-чырвона-белыя майткі з балконаў і вешаюць на пад’езды чырвона-зялёныя сцягі. Канешне, гэта ўсё да палітыкі не мае ніякага дачынення, але да выбудоўвання такой карціны свету, якая падабаецца кіраўніку нашай дзяржавы, гэта мае самае непасрэднае дачыненне.
РР: Ці будуць вырашаныя на гэтым сходзе нейкія рэальныя пытанні, якія непакояць сёння беларусаў? А ў нас з эканомікай пэўныя праблемы.
Паўлюк Быкоўскі: Звычайна Усебеларускі народны сход Лукашэнка склікаў да выбараў. Першы, праўда, склікаўся да рэферэндуму, гэта было выключэнне, але ўсе астатнія звычайна – да выбараў. І фактычна гэты сход зацвярджаў нешта кшталту праграмы на пяцігодку, якая выступала як праграма кандыдата ў прэзідэнты. І ў гэтым была пэўная логіка, хаця гэта ўсё было хутчэй для прапаганды, чым для прыняцця канкрэтнага рашэння. Сёлета ўжо Савет міністраў прыняў пастанову ў выкананні праграмы, якая яшчэ будзе разглядацца і яшчэ будзе падтрымана гэтым Усебеларускім народным сходам. Прычым гэта было зроблена яшчэ ў снежні. То бок першы пункт праграмы, які ўказаны ва Указе 492 аб скліканні шостага Усебеларускага народнага сходу, урад ужо выконвае, а на момант правядзення сходу будзе выконваць ужо паўтары месяца. А другі пункт тычыцца нешта кшталту ўхвалення курса. І вось тут ёсць пытанне, паколькі ў жніўні-верасні, яшчэ кастрычніку казалі пра змену Канстытуцыі, а потым неяк пра гэта казаць перасталі. Цалкам верагодна, што ў гэтым пытанні будзе або схавана змена Канстытуцыі, і калісьці Лукашэнка казаў, што на Усебеларускім народным сходзе будзе прад’яўлены праект Канстытуцыі, а зараз пра гэта ўжо не кажуць. І вось з улікам усяго, гэта можа быць маркерам. Ці мусіць ён пагадзіцца на тое, што паспеў паабяцаць у жніўні-верасні і Расеі, і АБСЕ, ці гэта будзе кшталту з’езду пераможцаў, калі Лукашэнку пераканаюць у тым, што пратэсты ўжо здушаныя. Я не ўпэўнены, што пратэсты будуць здушаныя насамрэч, але такое ўражанне для Аляксандра Лукашэнкі сілавікі зрабіць могуць. Таму магчымы і такі варыянт.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя