Усевалад Зэлэнін: Рабіце з Беларусі шэдэўр
На прэзентацыі сваёй новай кнігі ў Варшаве ўкраінскі спецыяліст па тэхніках НЛП раскрыў таямніцы расейскай інфармацыйнай вайны і таксама спосабы барацьбы з ёй.
Паводле яго, перамагчы Расею ў сённяшняй інфармацыйнай вайне магчыма ўсяго толькі за два месяца, разумеючы інфармацыйную зброю, якую выкарыстоўваюць расейскія прапагандысты, і таксама навучыўшыся перад ёй абараняцца.
Кажа Усевалад Зэлэнін:
– Трэба ствараць свой уласны свет. Амерыка стала Амерыкай, а не калоніяй Брытаніі, калі стварыла ўласнае бачанне свету. Стварайце ўласнае бачанне. Дзе беларускі погляд? Які ён? Які погляд народу Беларусі, не толькі дзяржавы і ўлады? Які погляд Беларусі на Беларусь, на свет? Рабіце погляд цікавым для ўcяго свету. Рабіце з яго шэдэўр. Беларусь вартая таго, каб стаць шэдэўрам у сусветным плане. Сінгапур – маленечкая краіна зрабіла з сябе шэдэўр, і Беларусь зможа. Рабіце.
Кніга Усевалада Зэлэніна носіць назву “Па той бок праўды: нейралінгвістычнае праграмаванне як зброя інфармацыйна-прапагандыскай вайны”.
Кніга была створаная на аснове матэрыялаў актуальных драматычных падзей інфармацыйнага канфлікту Украіны і Расеі ў 2014-м годзе.
Кася Бергель, Беларускае Радыё Рацыя