Усё ў нашых руках



Экс-палітвязень і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Андрэй Клімаў разважае пра “візавы прарыў” беларускіх уладаў і эканамічную супрацу з замежнымі партнёрамі.

klimau1_140204

Андрэй Клімаў: Адмена візаў для 80 краін мае для Беларусі гістарычнае значэнне, якое цяжка пераацаніць. Адным рухам перавярнулі старонку 20-гадовай ізаляцыі нашай краіны ад заходняй цывілізацыі. Можна сказаць, распачаліся стасункі з Захадам з “чыстага ліста”, зрабіўшы яшчэ адзін крок да паўнавартаснай супрацы з Еўропай. А што нас чакае далей на ўсходнім кірунку? Марнае высвятленне адносін, хто галоўны ў Саюзнай дзяржаве. Вяртанне да праблемы – у каго нафта і газ, той заўсёды мае рацыю. Я наогул, мяркую, што самы час інтэграваць беларускую эканоміку ў сусветную. Праўда, з-за нашага ўсходняга саюзніка і той сітуацыі, што склалася ва Украіне, вельмі шмат нявызначанасцей. Ніхто не ведае, як Беларусь будзе весці сябе ў будучым, ці не стане краіна такім жа закладнікам Расеі, як Крым. А вось бязвізавы рэжым якраз і здымае многія палітычныя рызыкі. Паўтаруся, Беларусь адкрылася для заходняй цывілізацыі праз 20 гадоў.

РР: Якія з гэтага можна атрымаць яшчэ дывідэнды?

Андрэй Клімаў: Краіна больш адкрылася для заходняй эканомікі, яе фінансаў, менеджменту. Іншая рэч, што сярод беларускага чынавенства вельмі шмат цёмных неадукаваных людзей, якія нават замежнай мовы не ведаюць. Многія павязаныя карупцыйнымі сувязямі, а таму ім нейкія прагрэсіўныя заходнія ідэі і інвестары і не патрэбныя. Я ведаю, што расейскія інвестары ў чарзе стаяць, каб укласці грошы ў беларускую эканоміку, але іх адфутбольваюць яшчэ на першапачатковай стадыі. Маўляў, нам гэта не трэба – і ўсё тут. Лягчэй у космас патрапіць, чым атрымаць права на забудову, адкрыць рэстаран альбо юрыдычную кантору. На рынак нафтаперапрацоўкі таксама немагчыма патрапіць – толькі для сваіх. Еўрапейскія авіяперавозчыкі гатовы прапанаваць свае паслугі – не пускаюць. А многіх і проста палохае рэкет з боку беларускіх сілавікоў. Ім патрэбны гарантыі на выпадак беззаконня.

РР: Адным словам, візавае пацяпленне – крок наперад, але далей ўсё ў нашых руках?

Андрэй Клімаў: Для прыцягнення інвестыцый неабходны свабодны канкурэнтны асяродак, але многія ведамствы перакрэсліваюць усе намаганні МЗС прыцягнуць замежных інвестараў. Але перспектывы ёсць. І тут, правільна сказалі, усё ў нашых руках.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nn.by