Уцюрын звольнены з пасады



Палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі „за ўчыненне правінаў, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага”. Такая фармулёўка ўтрымліваецца ва ўказе кіраўніка Беларусі ад 24 красавіка. Дакумент апублікаваны 1 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

29 красавіка некаторыя СМІ і телеграм-каналы паведамілі пра затрыманне Уцюрына супрацоўнікамі Камітэта дзяржбяспекі паводле падазрэння ў атрыманні хабару.

У КДБ гэтую інфармацыю каментаваць адмовіліся. „Без каментароў”, — заявіў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік камітэта Андрэй Яраш. У прыёмнай Савета бяспекі ад каментароў таксама адмовіліся.

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў Пензе (Расея). У 1992 годзе скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС Расіі, у 2002 годзе — Акадэмію МУС Беларусі.

З 1992 па 1995 гады займаў розныя пасады ў сістэме органаў унутраных спраў Беларусі, пазней — у службе бяспекі прэзідэнта. З 2007 па 2014 гады ўзначальваў гэтую службу.

У 2014 годзе быў прызначаны намеснікам дзяржсакратара Савета бяспекі.

Узнагароджаны медалём „За бездакорную службу” III і II ступеняў, ордэнам „За службу Радзіме” III ступені.

belapan.by