Узброеныя сілы Беларусі пераходзяць на праграму падрыхтоўкі вайскоўцаў з улікам сусветных канфліктаў
У Міністэрстве абароны Беларусі сёлета „вельмі сур’ёзна ўдакладнілі сістэму падрыхтоўкі вайскоўцаў”, заявіў журналістам намеснік міністра абароны Андрэй Жук на цырымоніі прыняцця вайсковай прысягі навабранцамі ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры ў Печах.

„Ужо з гэтага году маладыя вайскоўцы пачнуць займацца паводле новай праграмы з улікам тых сусветных канфліктаў, якія адбываюцца на гэты момант, для таго, каб вучыць таму, што неабходна на вайне”, — цытуе военачальніка прэс-служба Мінабароны. Ён адзначыў, што сёння „трэба мець прафесіяналаў для таго, каб з дзяржавай, якая мае моцнае войска, ніхто не размаўляў з пазіцыі сілы”.
Паводле яго, навучаць маладых вайскоўцаў будуць «добра падрыхтаваныя выкладчыкі і інструктары». Сёлета навабранцы „мусяць узяць удзел у вялікай колькасці мерапрыемстваў баявой і аператыўнай падрыхтоўкі”, а таксама ў вучэннях, у тым ліку міжнародных — па лініі АДКБ, удакладніў Андрэй Жук.
Беларускае Радыё Рацыя
