Пачата крымінальная справа па факце адпраўкі порна са скрыні Леаніда Судаленкі



Паводле часткі другой артыкула 343 Крымінальнага кодэксу, распаўсюд парнаграфічнай прадукцыі караецца пазбаўленнем волі ад двух да чатырох год.

Па факце распаўсюда парнаграфічнага роліка са скрыні кіраўніка абласной структуры аб’яднання „Прававая ініцыятыва” Леаніда Судаленкі пачатая крымінальная справа. 15 красавіка праваабаронца абавязаны прысутнічаць на допыце ў следчага з Абласнога Упраўлення ўнутраных справаў. Калегі праваабаронцы заяўляюць пра адназначнасць палітычнага пераследу і ўказваюць на сфабрыкаваны характар справы.

Леанід Судаленка тлумачыць, што скрыня [email protected] сапраўды належыла яму. “Я ёй карыстаўся каля 15 год. Гэта публічная скрыня: я пазначаў яе на сваіх візітоўках ці на бланках сваёй арганізацыі”. Аднак напрыканцы 2014 года электронную скрыню Леаніда Судаленкі ўзламалі: “У мяне ёсць бясспрэчныя доказы гэтаму. У мяне маецца перапіска з тэхнічнай службай паштовай скрыні. То бок з пачатку гэтага году я згубіў кантроль над скрыняй”, – распавёў кіраўнік абласной структуры аб’яднання „Прававая ініцыятыва”.

Ролікі парнаграфічнага зместу атрымалі падатковая інспекцыя і жыхар Навабеліцы. 8 красавіка супрацоўнікі міліцыі з аддзелу па барацьбе з наркагандлем правялі ператрусы з канфіскацыяй аргтэхнікі на офісе грамадска-палітычнага цэнтру па вуліцы Палеская, 52 і на кватэры Леаніда Судаленкі. Сам праваабаронца ў гэты час знаходзіўся ў Швецыі на міжнароднай канферэнцыі.

Леанід Судаленка – вядомы ў Беларусі праваабаронца. Пры ягонай дапамозе многія грамадскія актывісты змаглі зарэгістраваць скаргі ў ААН па факце парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Таксама ён дапамагае гомельцам абараняць свае правы, у тым ліку і працоўныя, у судах.

Беларуская Радыё Рацыя, Гомель

Фота Алеся Лапіцкага, Беларускі Праўны Партал