Ужо страляюць. Супрацьстаянне на мяжы Беларусі і Літвы нарастае



Парламенцкі кантралёр па правах чалавека Літвы адзначыў: «Калі з аднаго боку мігрантаў падганяюць аўтаматнымі чэргамі ў паветра, а з другога боку іх не прымаюць вайскоўцы са зброяй і з сабакамі, то людзі становяцца проста закладнікамі».

Парламенцкі кантралёр па правах чалавека ў Літве Вітаўтас Валянцінавічус на сваёй старонцы ў Фэйсбуку распавёў пра тое, як ён 22 гадзіны назіраў за супрацьстаяннем на мяжы з Беларуссю.

«Сёння была адна з самых цяжкіх начэй у маім жыцці, мне давялося назіраць, як ажыццяўляюць загад кіраўніка МУС і не пускаюць мігрантаў на тэрыторыю Літвы», — так ён пачаў свой аповед у Фэйсбуку.

Паводле яго слоў, беларускія памежнікі пастаянна запускалі асвятляльныя ракеты і назіралі за літоўскімі памежнікамі з вежы. Таксама парламентарый адзначыў, што беларускія сілавікі знаходзіліся па ўсім лесе і назіраўся іх інтэнсіўны рух.

«Каля дзвюх гадзін ночы мы вярнуліся на заставу. А ў 4.15 раніцы селі ў аўтамабілі і паехалі да знаку на мяжы нумар 134-135, дзе назіралі за дзеяннямі па вяртанні нелегалаў у Беларусь», — напісаў Вітаўтас Валянцінавічус.

Паводле яго слоў, пакуль яны ехалі, літоўскія памежнікі здолелі вярнуць у Беларусь групу нелегалаў з 45 чалавек. Аднак тыя стаялі на беларускім баку і малілі пашкадаваць іх, упусціць у Літву.

Літоўскі парламентар падрабязна апісаў інцыдэнт з жанчынай і дзіцем на руках і, нібыта, з падлучанай кропельніцай. Яна ішла на літоўскіх памежнікаў, не баючыся аўтаматаў і сабак, і не выконвала законныя патрабаванні заставацца на тэрыторыі Беларусі ды прасіла ўпусціць яе і хворае дзіця ў ЕЗ. Аднак, калі літоўскія памежнікі ўбачылі, што кропельніца — гэта проста падман, яны перанеслі жанчыну, што падышла, на тэрыторыю Беларусі.

На думку літоўскага парламентарыя, людзі пастаянна пыталіся памежнікаў, як ім легальна трапіць у Літву.

«Па рацыі мы чуем выклік да 129-га слупа на мяжы, там праз мяжу перайшла група з 34 чалавек, 15 з іх — дзеці. Вярнуць іх у тым жа месцы не атрымліваецца, паколькі ў 5.30 гадзін раніцы чуюцца аўтаматныя чэргі з беларускага боку — страляюць у паветра. Ля мяжы шыхтуюцца беларускія памежнікі ў шлемах, са шчытамі і дубінкамі. Аўтаматныя чэргі не змаўкаюць. Таму літоўскія памежнікі пасадзілі нелегалаў у аўтобус, перавезлі да знака 125-126, высадзілі — і з пануканнем: “go, go go!” адправілі ў бок Беларусі, — распавёў парламенцкі кантралёр.

belapan.by