Узмоцнены кантроль на межах Шэнгенскай зоны



З 7 красавіка кожны, хто перасякае мяжу Шэнгенскай зоны, падпадае пад праверку незалежна ад свайго грамадзянства.

З сённяшняга дня кантроль на знешніх межах Шэнгенскай зоны будзе больш жорсткім. Кантролю будзе падвяргацца кожная асоба, якая перасякае мяжу Шэнгенскай зоны, у тым ліку грамадзяне краін-чальцоў ЕЗ. Гэтыя меры былі прынятыя для больш эфектыўнага змагання з тэрарызмам.

Такім чынам, грамадзяне краін-чальцоў ЕЗ страцілі свой прывілей, бо раней іх кантроль ажыццяўляўся выбарачна, а пільны кантроль тычыўся толькі грамадзян іншых дзяржаў. Зараз кожнага, хто перасякае мяжу, будуць правяраць у спецыяльнай базе асоб, якiя адшукваюцца, а таксама ў базе Інтэрпола. Гэта азначае, што, імаверна, на памежных пунктах і ў аэрапортах з’явяцца чэргі.

Узмацнення жорсткасці кантролю на межах Шэнгенскай зоны запатрабавала Францыя пасля тэрактаў у Парыжы ў лістападзе 2015 года. Праца па ўвядзенні больш стараннага кантролю паскорылася пасля тэрактаў у Бруселі ў сакавіку 2016 года. Лічыцца, што расце пагроза з боку грамадзян ЕЗ, якія прымалі ўдзел у баях на баку джыхадзістаў у Сірыі і Іраку, а затым прынялі рашэнне вярнуцца ў Еўразвяз.

radiopolsha.pl