Ва Украіне абураныя фактычнай высылкай з Беларусі ўкраінскай журналісткі



Ва Украіне абураныя фактычнай высылкай з Беларусі ўкраінскай журналісткі Міхаліны Скорык.

Нагадаем, што Скорык, якая прыбыла ў Менск у службовую камандзіроўку, была выкліканая ва Фрунзенскі РАУС беларускай сталіцы, дзе ёй паведамілі, што журналістка знаходзіцца ў “расейскіх спісах непажаданых асобаў”. Пасля чаго запатрабавалі выехаць з Беларусі.

Гэта не першы выпадак забароны ўкраінцам наведваць нашу краіну на падставе маскоўскіх загадаў. За мінулы год з падобным сутыкнуліся дзясяткі ўкраінскіх журналістаў,  грамадскіх актывістаў і рэлігійных дзеячоў, у тым ліку – этнічных беларусаў, якія маюць украінскае грамадзянства.

Сітуацыю каментуе Аляксандр Краўчанка, актывіст з Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці, які сёлета сам атрымаў забарону на ўезд у Беларусь.

У шмат каго з нас ёсць сваякі ў Беларусі, але пры гэтым мы не забываем, што Беларусь — саюзная дзяржава Расеі. Дзяржавы-агрэсара, якая прынесла нам вайну. Беларускімі памежнікамі відаць камандуюць не з Менска, а з Масквы. Цэнтр прыняцця рашэнняў знаходзіцца не ў Менску, а ў Маскве. 

Інфармацыі пра рэакцыі ўкраінскага боку на інцыдэнт з журналісткай Міхалінай Скорык пакуль няма.

Беларускае Радыё Рацыя