Ва Украіне могуць апублікаваць агентурную картатэку КГБ СССР



Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтра даследвань вызвольнага руху Уладзімір Бірчак на Міжнароднай канферэнцыі “Архівы КГБ для медыа”. Паводле ўкраінскага даследчыка, справы агентаў рэпрэсіўных органаў СССР цікавяць грамадскасць і пра іх часта запытваюцца ў архівах СБУ.

Ці мажліва нешта падобнае з цягам часу і ў Беларусі?

Распавядае Уладзіслаў Ахроменка, які вядзе на “Радыё Рацыя” аўтарскую праграму “На ўліку ў КДБ”:

– Архівы савецкіх спецслужбаў рэгулярна чысціліся: у 1944, 1953, 1954 годзе. Самая маштабная чыстка адбылася ў 1990 годзе, калі па загаду № 00150 была спалена процьма агентурных спраў, і не толькі іх. Савецкая ўлада знішчала сляды ўласных злачынстваў. Але імёны агентуры засталіся ў справах-фармулярах, літарных, следчых і аператыўна-вышуковых справах, службовым ліставанні, даносах і іншай дакументацыі. І таму аднавіць імёны рэзідентаў, агентаў і інфарматараў-энтузіястаў цалкам магчыма. Свята веру, што ў рана ці позна мы дазнаемся імёны беларускіх стукачоў.

Нагадаем, што ва Украіне архівы савецкіх карных органаў цалкам адкрытыя для даследванняў.

Беларускае Радыё Рацыя