Ва Украіне могуць забараніць некаторыя расейскія кніжкі



Украінскі прэм’ер-міністр Арсеній Яцэнюк даручыў высокапасадоўцам разгледзіць прапанову народнага дэпутата Астапа Сэмэрыка пра забарону ўвозу на тэрыторыю Украіны кніжнай прадукцыі надрукаванай у Расеі.

10675758_916320765064593_3995734770577568383_n

Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

„Киевская хунта”, „Украина – вечная руина”, „Майдан: кто уничтожил Украину” – гэта толькі малая частка назваў той кніжнай прадукцыі маскоўскіх выдавецтваў, якая пагэтуль вольна прадаецца ва ўкраінскіх кнігарнях. Большасць гэтых кніг выдадзеная ў Маскве і напісаная людзьмі, якія маюць да Украіны вельмі ўскоснае дачыненне і нават у сваім жыцці ніколі ў гэтай краіне не былі. Некаторыя кніжкі пішуцца „брыгадамі аўтараў” дзе-нібудзь у Саратаве ці Ніжнім Тагіле і выдаюцца пад калектыўнымі псеўданімамі.

Назваць гэтыя творы „мастацкай літаратурай” ці „публіцыстыкай” немагчыма і з прычыны нізкага літаратурнага ўзроўню і відавочнага фальшавання фактаў. А вось пад крымінальны артыкул „Распальванне міжнацыянальнай варожасці” падобныя опусы відавочна трапляюць.

З гэтай прычыны забарона кніжнага імпарту з краіны, якая фактычна вядзе супраць Украіны вайну, падаецца цалкам слушнай.

Эксперты кніжнага рынку, аднак, запярэчваюць, што ў часы сеціўных бібліятэк падобная забарона выглядае анахранізмам.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя