Ва Украіне пачалася блакада бізнесструктур прэзідэнта Парашэнкі
Актывісты перакрылі пад’ездныя шляхі да фабрыкі “Рашэн” у Вінніцы і да лагістычных структур у Ягоціне. Кандытарскі холдынг «Рашэн» належыць Пятру Парашэнку і шмат для каго ва Ўкраіне з’яўляецца сімвалам яго бізнес-імперыі. Актывісты патрабуюць ад гаранта канстытуцыі выканання ягоных перадвыбарчых абяцанак, правядзення рэформ і адмены дэпутацкай недатыркальнасці.
Пратэстныя акцыі праходзяць і каля крамаў “Рашэн” у Кіеве. Актывіст Багдан, які прыехаў у Кіеў з Чаркасаў, распавёў пра мэты пратэстаў:
— Пятру Аляксеевічу аб’явілі шэраг патрабаванняў, якіх ён так і не захацеў выконваць. Або працуй, або гандлюй. Або хай займаецца бізнесам, або зай будзе прэзідэнтам Украіны. Няхай задумаецца і пачне працаваць дзеля і на карысць Украіны.
Як кажуць удзельнікі пратэстных выступаў, наступным крокам можа стаць блакада бізнесовых структур Пятра Парашэнкі па ўсёй Украіне.
Беларускае Радыё Рацыя
