Ва Украіне пачынаюцца вайсковыя вучэнні з удзелам вайскоўцаў НАТО



На захадзе Украіны сёння, 20 верасня, пачынаюцца вучэнні з удзелам жаўнераў НАТО. У Міністэрстве абароны Украіны адзначылі, што гэта важны крок па ўступленні краіны ў альянс. У вучэннях „Імклівы трызуб 2021” (Rapid Trident) прымуць удзел шэсць тысяч вайскоўцаў з пятнаццаці краін, і гэта ў паўтара раза больш, чым у мінулым годзе. Як адзначылі ў камандаванні Сухапутных войскаў Узброеных Сіл Украіны, чакаецца, што ўпершыню ў гісторыі гэтых манеўраў правядуць тактычныя дзеянні шматнацыянальнага батальёна з баявой стральбой. Таксама падчас вучэнняў запланаванае сумеснае дэсантаванне ўкраінскіх і амерыканскіх дэсантнікаў.

У ведамстве дадалі, што правядзенне вучэнняў – гэта крок Кіева на шляху да сяброўства ў НАТО. Мяркуецца, што яны падвысяць узровень падрыхтоўкі і аператыўнасці войскаў, а таксама палепшаць сумяшчальнасць штабоў Узброеных Сіл Украіны, ЗША і іншых партнёраў.

Вучэнні працягнуцца да першага кастрычніка. Правядуць іх на ваенным палігоне ў трыццаці кіламетрах на захад ад Львова. Гэтыя манеўры праходзяць на тэрыторыі Украіны штогод, пачынаючы з 2006 года.

Беларускае Радыё Рацыя