Ва Украіне пахавалі міліцыю



Ва Украіне афіцыйна перастала існаваць міліцыя. Пра гэта афіцыйна паведаміў міністр Унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў. З 7-га лістапада ва Украіне ёсць толькі адна праваахоўная структура – Нацыянальная паліцыя.

З падрабязнасцямі – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Гэта не азначае, што слова “міліцыя” ва Украіне ўжо па-за законам. Усе службовыя пасведчанні, пячаткі, эмблемы і лагатыпы ўкраінскай міліцыі дзейсныя па 31 снежня 2016 года. Таксама ўкраінскім паліцыянтам не забараняецца да гэтага часу насіць старую міліцэйскую форму.

Ва ўкраінскім Міністэрстве Унутраных спраў стлумачылі, што пераходны перыяд да паўнавартаснай Нацыянальнай паліцыі неабходны, каб правесці яшчэ адну хвалю кадравых атэстацый, а таксама набраць на паліцэйскую службу новых людзей. Паказальна, што абсалютная большасць новых паліцэйскіх раней не мелі ніякага дачынення да праваахоўнай дзейнасці.

Тым часам, набор у новую паліцыю Украіны працягваецца і ў памежных з Беларуссю рэгіёнах. Так, у Чарнігаве новая паліцыя мае быць сфармаванай да лютага 2016 года.

2015-11-07_achromienka_milicyja_ukraina

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Фэйсбук Арсена Авакава