Ва Украіне прайшоў першы тур выбараў прэзідэнта (абнаўляецца)



Зяленскі лідзіруе амаль ва ўсіх рэгіёнах Украіны. Перамагчы шоўмэна Парашэнку ўдалося толькі ў трох заходніх абласцях – Тэрнопальскай, Івана-Франкіўскай і Львоўскай. У Данецкай і Луганскай абласцях лідзіруе адзіны выразна прарасейскі кандыдат – Юрый Бойка.

На раніцу 1 красавіка ЦВК абвесціў, што ў выбарах прэзідэнта Украіны ўзялі ўдзел 63,48% выбарцаў. Найбольш высокая яўка зафіксавана ў Львоўскай вобласці – 68,88%, найбольш нізкая – у Закарпацкай – 46,99%. Пасля апрацоўкі 43,17% пратаколаў наперадзе Уладзімір Зяленскі – 30,18%, другім ідзе Пятро Парашэнка – 16,68%, на трэцім месцы Юлія Цімашэнка – 13,11%.

00.00. Пасля апрацоўкі ЦВК 1,29% пратаколаў выглядае, што Уладзімір Зяленскі ўпэўнена выйграў першы тур галасавання – ён набірае 27,33% галасоў, другім ідзе Пятро Парашэнка – 17,53%. Трэцяе месца займае Юлія Цімашэнка – 16,09%. 

23.40. Паводле звестак ЦВК Украіны пасля апрацоўкі 0,54% пратаколаў Уладзімір Зяленскі набірае 28, 51% галасоў, Юлія Цімашэнка – 18,03, Пятро Парашэнка – 16,94%. 

22.40. Як паведаміла ЦВК Украіны пасля апрацоўкі 0,19% пратаколаў Уладзімір Зяленскі набірае 26,01% галасоў, Пятро Парашэнка – 22,75%.

Паводле папярэдніх звестак, яўка выбарцаў у першым туры прэзідэнцкіх выбараў склала 63,9%. Такія лічбы агучыла Цэнтральная Выбарчая Камісія Украіны. 

Паводле даных „Нацыянальнага экзіт-пола 2019”, які правялі фонд „Дэмакратычныя ініцыятывы” імя Ілька Кучэрыва, Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі і Украінскі цэнтр эканамічных і палітычных даследаванняў імя Аляксандра Разумкова, у другі тур прэзідэнцкіх выбараў выходзяць шоўмэн Уладзімір Зяленскі і цяперашні прэзідэнт Пятро Парашэнка.

Пра гэта на брыфінгу 31 сакавіка паведаміла кіраўнічка „Дэмакратычных ініцыятыў”, сацыёлаг Ірына Бякешкіна.

Вынікі апытання па стане на 18.00 былі такія: 30,4% – за Зяленскага; 17,8% – за Парашэнку; 14,2% – за лідара парламенцкай фракцыі „Батьківщина” Юлію Цімашэнку; 9,8% – за пазафракцыйнага нардэпа, заснавальніка „Апазіцыйнай платформы – За жыццё” Юрыя Бойку; 7,1% – за экс-міністра абароны Анатоля Грыцэнку; 6,4% – за экс-начальніка Галоўнага ўпраўлення ваеннай выведкі Мінабароны, былога старшыню Службы бяспекі Ігара Смяшко; 4,8% – за лідара парламенцкай фракцыі Радыкальнай партыі Алега Ляшко; 4% – за нардэпа ад Апазіцыйнага блоку Аляксандра Вілкула; 1,8% – за сябра партыі „Свабода” Руслана Кашулінскага.

Іншыя кандыдаты набралі менш 1%.

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне пройдзе 21 красавіка. ***

Ва Украіне праходзяць выбары прэзідэнта. За пост кіраўніка дзяржавы змагаецца 39 кандыдатаў. Значная частка выбарцаў падтрымлівае Пятра Парашэнку, бо бачыць у ім працяг заходняга вектару ў палітыцы.

– За Парашэнку. У нас непрадказальна. Галасуюць, але я больш бачыў людзей сталага ўзросту.

– Прагаласаваў. За Юлію Уладзіміраўну Цімашэнка.

– Мінулы раз я за Юлю галасаваў. У гэты раз… я проста рэальна бачу сітуацыю, што ён усё роўна выйграе.

Многія кіеўляне, карыстаючыся добрым надвор’ем, выйшлі на шпацыр. Некаторыя з іх ўжо прагаласавалі. На пытанне нашых карэспандэнтаў: „Хто пасля выбараў будзе кіраваць краінай?”, адказваюць:

– А хто будзе – невядома, таму што багата прэтэндэнтаў. Я хадзіў з сынам. Мы аддалі голас за Грыцэнку і за Шаўчэнку. Там ніхто не набярэ 50%. Абавязкова будзе другі тур.

РР: Калі ў другім туры будуць Юля і акцёр?

– Ні таго і ні таго не хочацца.

РР: А калі, напрыклад, будзе Парашэнка і Юля?

– Не хочацца. А актор мне не падабаецца.

Калі ніводзін кандыдат не набярэ 50%, то будзе праведзены другі тур выбараў, які адбудзецца 21 красавіка. У ім возьмуць удзел толькі двое, якія набралі найбольшы працэнт у першым туру. 

***

У Цэнтральнай выбарчай камісіі а 13-й гадзіне павінна была адбыцца прэсавая канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў ЦВК. Перад уваходаму ЦВК узмоцненыя нарады паліцыі, нацыянальнай гвардыі, відавочна, папярэджваючы магчымыя правакацыі. На жаль, многім журналістам давялося чакаць гэтай сустрэчы. Але на брыфінгу, які ўсё ж такі прайшоў са спазненнем на 20 хвілін, было паведамлена пра некаторыя акалічнасці сёлетніх выбараў. У прыватнасці, было паведмлена пра тое, што ў Кіеве на 11-ю гадзіну прагаласавала больш за 15% грамадзянаў. Па ўсёй Украіне ровень галасавання больш актыўны – 16,6%. Сярод рэгіёнаў, якія выявілі найбольшую актыўнасць у выбарах у першай палове дня, Запарожская вобласць – 20,74%. А найменшую актыўнасць выявіла Закарапацкая вобласць – там парог не перасягнуў яшчэ 10%.

Шмат пытанняў журналісты накіравалі да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Алега Канапольскага пра тое, ці ёсць парушэнні ў выбарчым працэсе. Ён сказаў, што трэба разрозніць паміж парушэннямі і інфармацыямі пра парушэнні. Бо як такіх парушэнняў ёсць не шмат, затое ёсць вельмі многа фэйкавых інфармацый, якія гавораць, што недзе ёсць нейкія парушэнні, і тады гэта трэба праверыць. Тут варта дадаць, што перад ЦВК збіраецца натоўп людзей. Мясцовае тэлебачанне праводзіць прамую трансляцыю і яго журналісты пытаюцца, дзеля чаго людзі прыйшлі. Але яны не адказваюць. Відаць, гэта прыхільнікі аднаго, ці некалькіх кандыдатаў, якія чакаюць, што штосьці здарыцца. Мы таксама іх пыталі, але яны не хацелі нам адказваць.

***

Дзейны кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка наведаў выбарчы ўчастак і кінуў бюлетэнь у скрыню. У сваім “твітэры” Парашэнка паведаміў: „Я прагаласаваў за Украіну. Як і ўся мая сям’я, і я перакананы, – абсалютная большасць ўкраінцаў. Украіна працягне рухацца наперад да нашага сяброўства ў Еўразвязе і НАТА, працягне рабіць надзвычай важныя рэформы, якія з’яўляюцца лёсавызначальнымі для краіны”, – рэзюмаваў Пятро Парашэнка.

***

Україна выбірае прэзідэнта. У горадзе Борзна Чарнігаўскай вобласці ў 10:50 на адным з выбарчых участкаў адбылося надзвычайнае здарэнне. Мужчына кінуў запальную сумесь з наступным гарэннем, якое адразу ж ліквідавалі. Пра гэта паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў Украіны і ўдакладняе, што пацярпелых ў выніку інцыдэнту няма. Паліцыя не ўдакладняе, ці быў затрыманы зламыснік. 

***

Украіна выбірае свайго прэзідэнта. Ва выбарчым участку, які знаходзіцца на вуліцы Пакроўскай Кіева, прагаласавала кандыдатка ў прэзідэнты Юлія Цімашэнка. Ля ўваходу яе сустрэлі прыхільнікі з кветкамі.

На гэтым жа ўчастку многія галасуюць за яе.

– За Юлію Цімашэнка. А пра выбары, пабачым, што яны пакажуць. Можа пасля іх парадак навядуць. Шмат праблемаў у праваахоўных органах і ў розных арганізацыях.

– Я прагаласаваў за Грыцэнку. На яго я спадзяюся. Ёсць яшчэ адзін кандыдат, за якога таксама можна было б прагасаваць. Але з гэтых дваіх я выбраў Грыцэнку.

Украінцы адведваюць выбарчыя ўчасткі пакуль не вельмі актыўна. Але тыя, хто адчувае важнасць выбараў і перакананыя ў сваім кандыдаце, прыйшлі галасаваць у гадзіну адкрыцця ўчасткаў.

– Я моцна хвалююся за свайго кандыдата. Я вельмі хацела б, каб ён выйграў. Таму што Украіна ў вялікай катастрофе. Трэба каб змагаліся за незалежную Украіну, каб нас не вярнулі назад, каб людзі маглі спакойна жыць, каб нас не забівалі. І вельмі хацела б, каб перамаглі тыя людзі, у венах якіх цячэ ўкраінская кроў. Людзі, якія не ўкраінцы, яны ніколі не будуць галасаваць за сапраўдных украінцаў.

Як спадзяюцца сябры выбарчых камісіяў, актыўнасць выбарцаў у абед і другую палову дня падвысіцца. У сёлетніх прэзідэнскіх выбарах балатуецца 39 кандыдатаў.

***

Ва Украіне праходзяць выбары прэзідэнта, пры гэтым не спыняюцца баявыя дзеянні на ўсходзе, а некаторыя ўчасткі знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад пазіцый расейскіх войскаў. Напярэдадні галасавання ў зоне баявых дзеянняў на Данбасе 30 сакавіка атрымалі раненні двое ўкраінскіх вайскоўцаў, паведамляе штаб аперацыі Аб’яднаных сіл. Па гэтых дадзеных, расейцы шэсць разоў абстралялі пазіцыі ўкраінцаў, тройчы ужыўшы забароненыя менскімі дамоўленасцямі мінамёты, паведамляюць украінскія медыя. Абстрэлы зафіксаваныя паблізу Аўдзееўкі, Пяскоў, а таксама Новатошкаўскага і Новалуганскага, гаворыцца ў ранішняй зводцы. «Ні адзін абстрэл праціўніка не застаўся без адэкватнага адказу Аб’яднаных сіл. З пачатку бягучых сутак абстрэлаў пазіцый украінскіх войскаў не зафіксавана», – пазначана ў паведамленні.

***

Ад восьмай раніцы пачалося галасаванне за прэзідэнта Украіны. Прагаласаваўшыя кажуць, што ў першым туры, яны прагаласавалі сэрцам, але ў другім туры трэба прагаласаваць розумам.

– Сярод свядомых украінцаў наўрад ці ёсць такія, хто прагаласаваў бы за Зяленскага. Бабулька старая ў вёсцы і тая кажа: «Зяленскі, ды ў ніякім разе». Старэнькая бабуля і тая разумее, што нельга за Зяленскага галасаваць, таму што ўсё, што зроблена ва Украіне па-украінску, будзе знішчана. Таму што ён гаворыць, што будзе дамаўляцца і з чортам, і з бесам. Значыць, ён будзе з Пуціным, бо Пуцін і ёсць чорт і бес. Вось і ўсё.

Фота Віктара Парфёненкі

***

39 кандыдатаў змагаюцца за пост прэзідэнта Украіны. А 8-й гадзіне раніцы адчыніліся выбарчыя ўчасткі. Больш за 35 з паловай мільёнаў грамадзян Украіны маюць права галасаваць. Выбіраць могуць тыя асобы, якім споўнілася 18 гадоў. Выбарчыя дзяльніцы будуць адчынены да 20-й гадзіны вечара.

Па ўсёй краіне адчынена 30 тысяч выбарчых участкаў. У спіс выбарцаў унесены таксама грамадзяне, якія пражываюць на часова акупаваных тэрыторыях краіны. А таксама тыя грамадзяне Украіны, якія жывуць за мяжой. Іх больш за паўмільёна. 

Выбары па Украіне асвятляюць ажно 3 тысячы карэспандэнтаў. Прыехалі паўтары тысячы міжнародных назіральнікаў і 180 журналістаў з 29 краін свету.

У сталіцы Украіны працуюць нашы карэспандэнты.

На Львоўшчыне старшыня адной з участковых выбарчых камісій памылкова сапсавала 180 бюлетэняў для галасавання, паставіўшы штамп „выбыў” насупраць прозвішча аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты, паколькі палічыла, што ён зняўся з выбараў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні аддзела камунікацыі паліцыі Львоўскай вобласці. Папярэдне ўстаноўлена, што старшыня камісіі пачула ад невядомай асобы, што адзін з кандыдатаў нібыта выбыў з гонкі. Выявіўшы памылку жанчына сама паведаміла пра здарэнне ў акруговую выбарчую камісію.

Па факце пачата крымінальная вытворчасць. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю на тэрмін ад 2 да 3 гадоў. Праваахоўнікі канфіскавалі рэчавыя доказы, праводзіцца дасудовае расследаванне. Нагадаем, Цэнтральная выбарчая камісія адзначае, што ўнясенне карэктываў у выбарчыя бюлетэні з выкарыстаннем штампа „Выбыў” без рашэння ЦВК забараняецца.

Беларускае Радыё Рацыя