Выбары ў Вярхоўную Раду Украіны (абноўлена)
Па выніках апрацоўкі 90% пратаколаў лідары галасавання не змяніліся. Першынство ўтрымлівае партыя „Слуга народу”: за яе прагаласавалі 42.81% выбаршчыкаў (4 851 517 галасоў).
Адпаведныя звесткі абнародаваны на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі. Другое месца займае „Апазіцыйная платформа – За жыццё”, яе падтрымалі 12,98% (1 470 992 галасоў). Трэцяе месца – партыя „Еўрапейская салідарнасць” (8.34% – 945 354 галасоў). Чацвёртае месца – „Бацькаўшчына” (8.09%, 917 075 галасоў). Пятае – „Голас” (6.09%, 690 539 галасоў).
* * *
Партыі „Слуга народа” кіраўніка Украіны Уладзіміра Зяленскага, шырокая кааліцыя з кімсьці спатрэбіцца толькі ў выпадку канстытуцыйных зменаў.
Гэта вынікае з папярэдніх дадзеных падліку галасоў на пазачарговых выбарах у Вярхоўную Раду Украіны, якія адбыліся 21 ліпеня. Каментуе дырэктар Фонда падтрымкі дэмакратычных ініцыятываў Юрый Міндзюк:
– Ім, магчыма, спатрэбіцца большая кааліцыя, калі яны захочуць правесці канстытуцыйныя змены. А для стварэння ўраду ім дастаткова таго, што яны ўзялі. Папярэднія вынікі пры падліку 62% бюлетэняў паказваюць, што ім гарантавана 250 месцаў з 410. Яны маюць большасць, нават з запасам.
„Астатнія партыі будуць альбо ў канструктыўнай апазіцыі, альбо ў апазіцыі, альбо неяк супрацоўнічаць са „Слугой народа”. Уплыў у Вярхоўнай Радзе ў ніх будзе невялікі”, – рэзюмаваў Юрый Міндзюк.
Яўген Скрабец, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота: Адміністрацыя прэзідэнта Украіны
* * *
Па выніках апрацоўкі больш за 70% пратаколаў лідары галасавання на парламенцкіх выбарах не змяніліся, паведамляе unian.net. Першынство ўтрымлівае Партыя «Слуга народа» – за яе прагаласавалі 42.68% выбаршчыкаў (4 252 965 галасоў).
Другое месца займае „Апазіцыйная платформа – За жыццё”, яе падтрымалі 13.04% (1 300 040 галасоў). Трэцяе месца ўтрымлівае партыя «Еўрапейская салідарнасць» 8.41% (838 569 галасоў). Чацвёртае месца – «Батькивщина» 8.03%, (800 672 галасоў). Пятае месца – партыя «Голас» 6.17% (614 811 галасоў). За іншыя партыі прагаласавалі менш за 5% выбаршчыкаў.
* * *
„Українська правда” паведамляе, што ЦВК Украіны падлічыла 59.77% бюлетэняў.
Партыя Уладзіміра Зяленскага „Слуга народа” набірае большасць.
* * *
Як паведамляе ЦВК, па дадзеных са 107 выбарчых акругаў, па стане на 20.00 яўка на пазачарговых парламенцкіх выбарах склала 49,28%.
Самая высокая актыўнасць выбаршчыкаў зафіксавана ў Палтаўскай, Львоўскай, Цярнопальскай і Чарнігаўскай абласцях.
Па дадзеных „Нацыянальнага экзіт-пола 2019”, у Вярхоўную Раду праходзяць партыі „Слуга народа”, „Апазіцыйная платформа – за жыццё”, „Еўрапейская салідарнасць”, “Батькивщина” і „Голас”.
* * *
Выбарчыя ўчасткі ва Украіне афіцыйна зачыніліся ў восем гадзін вечара па мясцовым часе. У склад Вярхоўнай Рады ўвойдуць дэпутаты партый, якія набралі больш за 5% галасоў, і пераможцы выбараў у мажарытарных акругах.
Паводле звестак МУС, на 17.00 ужо прагаласавала каля 40% выбаршчыкаў.
Сталі вядомыя папярэднія вынікі Нацыянальнага экзіт-пола па стане на 18:00. Даследаванне праводзілі Фонд дэмакратычных ініцыятыў, „Цэнтр Разумкова” і КМІС.
Партыя „Слуга народа” набрала 43,9%. На другім месцы „Апазіцыйная платформа – за жыццё” з 11,5%.
Далей ідуць „Еўрапейская салідарнасць” – 8,9% і “Батькивщина” з 7,6%.
На пятым месцы „Голас” з 6,3%. Астатнія партыі набралі менш за 5%: у партыі „Сіла і гонар” – 4,4%, у „Апазіцыйнага блока” 3,3%.
Партыя Шарыя – 3,1%; „Радыкальная партыя Ляшко” – 2,8%; „Украінская стратэгія Гройсмана” – 2,2%; „Свабода” – 2,1%.
* * *
Галасаванне на выбарах у Вярхоўную Раду на выбарчым участку ва ўкраінскім пасольстве праходзіць без эксцэсаў, паведаміў БелаПАН пасол Украіны Ігар Кізім.
„Усё наладжана, усё спакойна. Галоўнае, што выбаршчыкі сталі больш падрыхтаваныя ў прававым плане. Яны ведаюць, што трэба быць зарэгістраваным у спісах, мець пры сабе пашпарт. Пакуль ніякіх заўваг і непаразуменняў не было”, — адзначыў ён.
Паводле слоў старшыні выбарчай камісіі Аксаны Урублеўскай, яўка выбаршчыкаў на цяперашнія парламенцкія выбары ніжэйшая, чым на прэзідэнцкіх.
„Па стане на 12 гадзін прагаласавала 150 чалавек. У спісы выбаршчыкаў унесена 7.335 чалавек”, — сказала Урублеўская.
21 ліпеня ў Украіне праходзяць выбары ў Вярхоўную Раду. На выбарчых участках за межамі Украіны галасаванне адбываецца выключна па парламенцкіх спісах. Усяго на месцы ў парламенце прэтэндуе 22 партыі.
* * *
У Польшчы ўкраінцы таксама галасуюць на датэрміновых выбарах у Вярхоўную Раду, да адкрыцця ўчастка сфармавалася чаргу. Пра гэта паведамляе „Еўрапейская праўда”. Амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дзешчыца апублікаваў фота з выбарчага ўчастка ў Варшаве, на якіх відаць, як людзі стаяць у чарзе ў чаканні галасавання. Перад адкрыццём участка прысутныя выканалі гімн Украіны, на будынку амбасады таксама размешчаны банэр з заклікам вызваліць Алега Сянцова. Украінцы ў Польшчы могуць прагаласаваць на чатырох выбарчых вучастках, акрамя Варшавы яны ўтвораны ў Гданьску, Кракаве і Любліне.
* * *
Украінцы галасуюць на датэрміновых выбарах у Вярхоўную Раду. Пяты прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка таксама аддаў свой голас.
Фота: Цензор.НЕТ
Пётр Парашэнка адзначыў, што прагаласаваў за „ўнікальную каманду, якая здольная спыніць расейскі рэванш і здольная рухаць краіну наперад”. „За каманду, якая на працягу ўсёй кампаніі была аб’ектам нападаў з боку расейскай пятай калоны і краіны-агрэсара. Парламенцкі спецназ „Еўрапейскай салідарнасці” абароніць Украіну. Украіна пераможа! ” – сказаў Парашэнка.
– Я прагаласаваў за ЕЗ і НАТА, за еўрапейскую і еўраатлантычную Украіну – краіну, якая сапраўды рухаецца наперад, вяртаецца ў сям’ю еўрапейскіх народаў. Толькі гэтыя два магутныя саюзы – Еўрапейскі Звяз і НАТА – з’яўляюцца гарантамі міру, бяспекі і дабрабыту для кожнага грамадзяніна Украіны. Вельмі важна, каб мы ішлі па шляху, які быў зроблены за апошнія пяць гадоў. Захавалі аснову дзяржаўнасці.
Выбары праходзяць па дзейсным выбарчым заканадаўстве, што прадугледжвае змешаную сістэму (палова дэпутатаў абіраецца па прапарцыйнай сістэме, другая палова – па мажарытарнай), закрытыя партыйныя спісы і 5-працэнтны прахадны бар’ер.
Украінцы абяруць 225 дэпутатаў па спісах і 199 у мажарытарных акругах. ЦВК зарэгістраваў спісы 22 партый (усяго 2746 кандыдатаў) і 3085 кандыдатаў па мажарытарных акругах.
* * *
Стартавалі пазачарговыя выбары ў Вярхоўную Раду Украіны.
Асноўная барацьба разгарнулася між партыяй „Слуга народа” дзейснага прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і прарасейскай партыяй Апазіцыйная платформа „За жыццё”.
Абедзве яны не лічацца з інтарэсамі людзей з усходніх тэрыторый і абвастраюць і без таго складаную сітуацыю ў грамадстве, мяркуе нараджэнка Данбасу Маргарыта Удавічэнка:
– Мне насамрэч вельмі сумна, бо мне падаецца, што зараз Украіна яшчэ больш падзяляецца на два лагеры – украінцы і людзі, якія хочуць размаўляць па-расейску. Я ўсё ж такі прытрымліваюся меркавання, што калі я размаўляю па-расейску – гэта не значыць, што я не патрыёт Украіны. На маёй тэрыторыі ўжо некалькі стагоддзяў людзі размаўлялі па-расейску. Вельмі цяжка зрабіць так, каб людзі за адзін дзень пачалі размаўляць па-ўкраінску. Я спадзяюся, што выбары будуць талерантныя да людзей з Данбасу.
Чарговыя выбары ў Вярхоўную Раду павінны былі адбыцца 27 кастрычніка 2019 года. Аднак прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваёй інаўгурацыйнай прамове абвясціў пра роспуск парламента восьмага склікання. На наступны дзень, 21 траўня, ён выдаў указ аб прызначэнні датэрміновых выбараў. Галасаванне завершыцца ў 20.00 па ўкраінскім часе.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя