Ва Украіне прынялі новы закон аб СМІ



Пакуль у Беларусі абмяркоўваюць магчымыя наступствы ўказа Лукашэнкі пра ўвядзенне адзінага дзяржаўнага распаўсюдніка тэлеканалаў, суседняя Украіна пайшла на беспрэцэдэнтны крок. Прэзідэнт Парашэнка падпісаў закон “Пра рэфармаванне дзяржаўных і камунальных сродкаў масавай інфармацыі”. Паводле гэтага закона, цяпер органы цэнтральнай ці мясцовай улады не маюць права валодаць сродкамі масавай інфармацыі.

Гэты закон практычна ліквідуе дзяржаўную манаполію на медыйныя сродкі.

Што ўяўляе сабою медыйны ландшафт Украіны? Чаму і ўкраінскія незалежныя СМІ называюць выключна “апазіцыйнымі”? Як ставяцца ва Ўкраіне да дзяржаўная манаполіі на сродкі масавай інфармацыі ў нашай краіне?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Пятром Антоненкам, адным са старэйшых і найбольш аўтарытэтных  журналістаў Чарнігаўшчыны.

Пётр Антоненка: Чамусьці так склалася, што і ў нас, ва Украіне, незалежны друк называюць выключна “апазіцыйным да ўлады”. Сітуацыя даволі парадаксальная. А парадокс тут у тым, што, скажам, мая газета – адназначна за незалежнасць Украіны і за дэмакратыю. То бок, менавіта за тое, што было абвешчана 24 гады таму і потым пацвярджалася ўсімі ўладамі і ўсімі прэзідэнтамі. Ніхто яшчэ не казаў, што ён супраць незалежнасці ці дэмакратыі ва Украіне! А тлумачэнне, чаму нас называюць “апазіцыйнымі”, вельмі простае: незалежны друк не ўсхваляе ўладу. Але ж гэта абсалютна нармальная сітуацыя для дэмакратычных краінаў! Медыя не абавязаныя ўвесь час хваліць існуючую ўладу. У дэмакратычных краінах медыя – гэта магчымасць кантролю народа за сваёю ўладаю. І гэты кантроль не прадбачвае нейкіх дыфірамбаў…

РР: А ці ёсць цяпер, пасля Майдану, ужо пры новай уладзе, нейкі ціск на незалежныя СМІ?

Пётр Антоненка: Нічога асабліва не змянілася – ані ў лепшы, ані ў горшы бок. Як яно было, так яно і ёсць. Украіна ў вельмі зацяжным стане ад калоніі да незалежнасці, ад таталітарнай да дэмакратычнай. У такім жа пераходным стане знаходзяцца і ўкраінскія мас-медыя. Гэты працэс вельмі замарудзіўся. Ва Украіне дамінуе, так бы мовіць, тры гатункі мас-медыяў: СМІ ўлады, СМІ палітычных партыяў і СМІ алігархаў. Такога не сустрэнеш у нармальных грамадствах, ад Польшчы да Канады! Больш за ўсё, натуральна, праўладных СМІ – гэта вялізная сетка розных дзяржаўных выданняў, якія існуюць і ў вас, у Беларусі, і ў Расеі. Створаныя гэтыя СМІ былі адразу пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 года, калі бальшавікі пачалі кантраляваць друкаваныя выданні… Ленін разумеў, што трэба рабіць. І так гэты кантроль існаваў у СССР і застаўся і па наш час. Усе гэтыя “раёнкі” – гэта ж органы ўлады!

РР: Хіба ва Украіне не існуе медыйных сродкаў на ўзроўні раёнаў, якія не кантралююцца ўладамі?

Пётр Антоненка: Тут павінны быць нейкія іншыя газеты. Так, яны існуюць, але з вялікімі складанасцямі. Але глядзіце: у нас 22 раёны і, адпаведна, 22 “раёнкі”, сумарны наклад – больш за 100 000 асобнікаў. Я маю на ўвазе раённыя газеты, якія ёсць органамі раённай улады. Гэта сетка засталася яшчэ з часоў СССР. Усе выдатна разумеюць, што такія газеты не могуць быць органам кантролю за ўладай, бо іхні статус такі, практычна прыгонны. Гэтыя выданні і трэба раздзяржаўліваць. У дэмакратычных краінах органы ўлады не маюць сваіх медыяў.

РР: А ўсе гэтыя “раёнкі”, якія належаць дзяржаўным адміністрацыям, я так разумею, “планава стратныя”?

Пётр Антоненка: Безумоўна, стратныя! Існуюць яны коштам жабрацкіх раённых бюджэтаў. Іншымі словамі, кожны жыхар такога раёну мае права сказаць, што такія газеты фінансуюцца з ягонай кішэні, коштам ягоных падаткаў, і ён будзе мець рацыю. А калі ён фінансуе дзяржаўны друк, дык чаму не мае права голасу ў гэтым друку? Хіба ён не мае патрабаваць уплыву на накірунак і агульную палітыку такой газеты?!

РР: Іншымі словамі, на практыцы сітуацыя можа быць такой: жыхар райцэнтра скардзіцца ў газету на самадура – раённага начальніка, і…

Пётр Антоненка: Ды такі ліст проста не патрапіць у друк! Паглядзіце на ўкраінскія мясцовыя газеты – крытыка мясцовых уладаў там проста адсутнічае!  Калі нешта падобнае і з’явіцца, то галоўны рэдактар атрымае па галаве ад начальства. Таму што крытыка дробнага мясцовага чыноўніка ці нават прадавачкі ў Сельпо ўспрымаецца, як “наезд” на ўсю мясцовую ўладу. Усе гэтыя ўбогія медыя даўно трэба было рэфармаваць!

РР: А коштам чаго будуць існаваць новыя недзяржаўныя СМІ ва Украіне?

Пётр Антоненка: Ва ўсім свеце медыйны бізнес уваходзіць у першую пяцёрку найбольш прыбытковых. Найбольшае фінансаванне можна атрымаць ад рэкламы, і гэта бясспрэчна. Гэта звычайная практыка ва ўсіх краінах. А ёсць яшчэ і розныя фонды, і іншыя крыніцы фінансавання…

РР: У Беларусі абмяркоўваецца праект указа Лукашэнкі пра ўвядзенне адзінага дзяржаўнага распаўсюдніка тэлеканалаў… Якой вам бачыцца з Украіны беларуская медыйная палітыка?

Пётр Антоненка: А што тут можна сказаць? Беларусь глуха загрузла ў сацыялізме…

Яшчэ адзін з істотных момантаў новага закона «Пра рэфармаванне дзяржаўных і камунальных сродкаў масавай інфармацыі» – абавязковая ўмова захавання мовы выдання. На практыцы гэта азначае, што ўсе выданні будуць абавязаныя выходзіць на ўкраінскай мове.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя