Ва Украіне спее чарговы палітычны скандал



Прычынай стала відэа, на якім зафіксаваная рэзідэнцыя ўкраінскага лідара ў вёсцы Козін непадалёк ад Кіева. Відэа было знятае з беспілотніка і апублікаванае ў Фейсбуку дэпутата ад Партыі “Бацькаўшчына” Ігара Луцэнкі.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнет Марцін Война.

На відэа зафіксаваная раскошная рэзідэнцыя Пятра Парашэнкі ў вёсцы Козін непадалёк Кіева, якая ні ў чым не саступае Міжгор’ю былога ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча. У рэзідэнцыі плошчай амаль у 3 гектары ёсць раскошны палац, будынак для аховы, дамок для прыслугі, альтанкі, штучны ставок, і нават свая царква.

Народны дэпутат Ігар Луцэнка, які змясціў гэтае відэа, сцвярджае, што Пётр Парашэнка атрымаў зямельны ўчастак у вёсцы Козін у арэнду на 50 гадоў па цане 6400 грыўняў за сотку, што ў 100 ці нават у 200 разоў танней за рынкавы кошт. Да таго ж, рэзідэнцыя збудаваная з відавочным парушэннем заканадаўства, бо перакрывае доступ да водаахоўнай зоны.

Відэакадры, на якіх зафіксаваная рэзідэнцыя Пятра Парашэнкі, былі размешчаныя на папулярным хосцінгу  Youtube,  дзе ўжо сабралі больш за поўміліёна праглядаў. Відэа прадэманстравалі і праўладныя ўкраінскія каналы. Прэзідэнт Парашэнка пакуль ніяк не каментуе гэтыя кадры.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота vesti.ru